Плот на мяжы Беларусі з Латвіяй будзе каштаваць амаль 10 млн еўраў


У Латвіі распавялі падрабязнасці пра плот на мяжы з Беларуссю.

Працы па яго ўзвядзенні распачнуцца ў наступным годзе, агульны кошт праекту складзе 9,6 млн еўраў.

Загарода расцягнецца на 120 кіламетраў, яе збудуюць дзеля барацьбы з нелегальнымі мігрантамі ды іншымі парушальнікамі мяжы. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва LETA.

Даклад Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі, які апісвае праект будовы плоту, будзе разглядацца на будучым тыдні на паседжанні ўраду краіны.

Сёлета Латвія займаецца распрацоўкай тэхнічнага праекту ўладкавання латвійска-беларускай мяжы.

Раней начальнік Дзяржаўнай службы памежнай аховы Латвіі Нормундс Гарбарс паведаміў, што вышыня плоту на мяжы з Беларуссю складзе не ніжэй за два метры. Ён будзе падбудаваны з выкарыстаннем прынамсі трох варыянтаў канструкцыі загароды, уключаючы металічны і калючы дрот.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў