Першая хваля цунамі дасягнула берагоў Новай Зеландыі пасля магутнага землятрусу


Наступствы землятрусу. Фота RNZ / Conan Young

Улады Новай Зеландыі паведамляюць пра цунамі, якое насоўваецца на некалькі выспаў. Першая хваля ўжо абрынулася на Паўднёвую выспу, аднак служба абароны насельніцтва асцерагаецца больш моцных хваляў.

Ад магутнага землятрусу каля берагоў Новай Зеландыі ў бок некалькіх выспаў набліжаецца цунамі. Паводле звестак службы абароны насельніцтва, цунамі можа абрынуцца на берагі ціхаакіянскіх астравоў Паўднёвы і Паўночны, а таксама на архіпелаг Чатэм, размешчаны ў 680 кіламетрах на ўсход ад асноўнай часткі Новай Зеландыі. Першая хваля цунамі не абавязкова зʼяўляецца самай магутнай, папярэдзіла служба і заклікала жыхароў астравоў неадкладна пакінуць узбярэжжа, альбо схавацца ў іх найвышэйшых кропках.

Выбітыя шыбы ў сталіцы Новай Зеландыі – Уэлігтане. Фота: стоп-кадр відэа Reuters

Выбітыя шыбы ў сталіцы Новай Зеландыі – Ўэлінгтане. Фота: стоп-кадр відэа Reuters

Згодна з ацэнкай Нямецкага цэнтру даследавання зямлі ў Патсдаме, магнітуда землятрусу, які адбыўся 13 лістапада ў Новай Зеландыі, склала 7,9. Паводле ацэнак новазеландскіх і амерыканскіх навукоўцаў магнітуда была крыху меншай – 7,5 і 7,8 адпаведна.

Людзей эвакуююць з прыбярэжных селішчаў. Фота RNZ / Rebekah Parsons-King

Людзей эвакуююць з прыбярэжных селішчаў. Фота RNZ / Rebekah Parsons-King

Новазеландскія ўлады пакуль не паведамляюць пра колькасць пацярпелых, аднак вядома пра маштабныя разбурэнні ў краіне. Паводле паліцыі, адзін чалавек загінуў. Жыхары шмат якіх раёнаў засталіся без электрычнасці і тэлефоннай сувязі.

Эпіцэнтр падземных штуршкоў знаходзіўся на глыбіні 10 кіламетраў на поўнач ад гораду Крайстчэрч на Паўднёвым востраве. Прыкладна ў гэтым раёне ў 2011 годзе адбыўся разбуральны землятрус, які забраў жыцці амаль 200 чалавек. Яго магнітуда складала 6,3.

МЯ, паводле dw.com

Глядзі таксама
Каментары