Першага намесніка Белкаапсаюзу затрымалі па карупцыйнай справе


Дзмітрый Баранаў

У аўторак праваахоўнікі затрымалі ў Менску першага намесніка Белкаапсаюзу Дзмітрыя Баранава.

Гэтую інфармацыю пацвердзілі Tut.by дзве не звязаныя адна з адной крыніцы.

«Следчым камітэтам у рамках расследавання крымінальнай справы аб карупцыі ў якасці падазраванага прыцягнуты адзін з кіраўнікоў Белкаапсаюза. Праводзіцца расследаванне», – заявіла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова. Гаворка ідзе пра артыкул 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару).

Белкаапсаюз зʼяўляецца буйным аператарам гандлю, ягоная сетка налічвае звыш за 8 тыс. гандлёвых абʼектаў і 700 аўтакрамаў. За апошнія 5 гадоў доля аператару ў абʼёме рознічнага гандлю знізілася на 4 % – да 7,1 %.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю мела пытанні да Белкаапсаюзу адносна своечасовасці разлічэння з пастаўшчыкамі. Паводле Беластату, рознічны таваразварот арганізацыяў гандлю спажыўнай кааперацыі летась склаў 2,2 млрд рублёў. Таварныя запасы склаліся на ўзроўні 232,6 млн рублёў, што эквівалентна 42 дням гандлю.

Буйныя чыноўнікі Белкаапсаюзу не ўпершыню становяцца фігурантамі крымінальных справаў.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by, фотаздымак mtk-bks.by

Глядзі таксама
Каментары