Перамовы прадпрымальнікаў і ўладаў: пра што дамовіліся?

urgent

«Завяршылася ўсё прапановай зменшыць штрафы за гандаль таварам без дакументаў з 500 базавых велічыняў да 300. Але ж гэта пакуль што толькі ў праекце. Калі гэта будзе? І ці з таго нам вялікая палёгка?»

Пратакол сённяшняга паседжання адмысловай працоўнай групы пры Грамадска-кансультатыўнай радзе па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі застаўся адкрытым. Пра гэта «Белсату» паведаміла лідарка прадпрымальніцкага саюзу «Разам» Ірына Яскевіч.

«Толькі што скончылася сустрэча, якая пачалася аб 11-й гадзіне, – расказала прадпрымальніца. – Мы яшчэ стаім на прыступках. Нічога канкрэтнага мы не дамагліся. Завяршылася ўсё прапановай зменшыць штрафы за гандаль таварам без дакументаў з 500 базавых велічыняў да 300. Але ж гэта пакуль што толькі ў праекце. Калі гэта будзе? І ці з таго нам вялікая палёгка?»

Дакумент пра змяншэнне памераў штрафаў цяпер рыхтуе Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі.

РГА «Перспектыва» раней прапаноўвала ўвесці мараторый на праверкі ІП, пакуль ідзе праца рабочай групы і не прынятыя кампрамісныя рашэнні. Намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч сёння заявіў, што падаткавая ўсё ж будзе правяраць накладныя, адказнасць за якія нясуць гандляры.

Сёння ІП падтрымалі праект дакументу Дзяржстандарта, які літаральна ўчора апублікавалі на сайце ведамства. Ён прадугледжвае спрашчэнне спосабаў пацверджання дакументаў пра якасць і бяспеку тавараў у рознічным гандлі, у тым ліку сертыфікатаў адпаведнасці, прадугледжаных рэгламентамі Мытнага саюзу.

Паводле праекту, гадндлёвыя аб’екты ды ІП змогуць выкарыстоўваць для пацверджання бяспекі і адпаведнасці тавару не толькі арыгіналы або папяровыя копіі гэтых дакументаў, але і «звесткі пра такія дакументы, указаныя ў суправаджальных дакументах на тавар, якія пацвярджаюць набыццё тавару, а таксама спосабы дэманстрацыі наяўнасці такіх дакументаў з выкарыстаннем унутраных інфармацыйных сістэм сувязі і камунікацыі субекта гандлю, субекта грамадскага харчавання».

«Гэтая акалічнасць вырашыла праблемы толькі юрыдычных асобаў і тых, хто сёння працуе. Для 80% дробных прадпрымальнікаў праблема з дакументамі не зрушылася з месца», – каментуе Ірына Яскевіч.

Што да запланавага на 15 лютага мітынгу прадпрымальнікаў, лідарка прафсаюза «Разам» пакуль не мае канкрэтнага адказу. «Мы будзем яшчэ раіцца між сабой», – адказала жанчына.

Паводле яе, ідэальным вырашэннем усёй сітуацыі стала б вывядзенне малых ІП з-пад дзеяння Указа №222.

Актыўнасць дробных гандляроў прымусіла чыноўнікаў стаць больш адкрыта рэагаваць на вострыя эканамічныя праблемы.

Учора на сайце Міністэрства эканомікі з’явілася інтэрвю з намесніцай міністра эканомікі Ірынай Касцевіч. Размова з чыноўніцай выйшла ў штодзённіку Рады міністраў газеце «Рэспубліка».

Ірына Касцевіч кажа, што Дзяржстандарт не плануе ў першым паўгоддзі ладзіць праверанні індывідуальных прадпрымальнікаў.

Таксама 10 лютага міністр юстыцыі заявіў у прэсе пра планы пашырыць практыку грамадскіх абмеркаванняў праектаў законаў, што датычацца ІП.

Нагадаем, адмысловую рабочую групу ачольваюць намесніцы Міністра эканомікі Ірына Касцевіч і Міністра гандлю Ірына Наркевіч. У яе склад таксама ўвайшлі кіраўніцтва Дэпартаменту па прадпрымальніцтве, прадстаўнікі Рэспубліканскай федэрацыі прадпрымальніцтва, Беларускага саюза прадпрымальнікаў, Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага, РГА «Перспектыва», прафсаюзу працаўнікоў розных формаў прадпрымальніцтва «Садружнасць», прадстаўнікі радаў ІП рынкаў і гандлёвых цэнтраў з розных гарадоў.

Указ №143 працягнуў тэрмін распродажу астаткаў тавару без дакументаў да 1 студзеня гэтага году. Паводле інфармацыі Міністэрства эканомікі, тады 40 тысячаў прадпрымальнікаў зарэгістравалі свой тавар. У канцы мінулага году па іх заплацілі падатак на даданую вартасць 12 тысяч асобаў. «Атрымліваецца, больш за 20 тысяч ІП яшчэ да 1 студзеня перайшлі на новы ўзровень працы. У адносінах да іх Указ №222 дасягнуў сваёй мэты», – сцвярджае Ірына Касцевіч.

Сустрэча рабочай групы па дзейнасці ІП працягнецца 17 лютага.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары