Пераблытаў касметычку з гаманцом: пасажыры маршруткі «Менск-Гародня» ноч правялі ў міліцыі


Пасажыры правялі ноч у аддзяленні міліцыі Шчучына праз злодзея, які ў дарозе абакраў жанчыну.

Пацярпелая выйшла з маршруткі і толькі пазней заўважыла, што яе абакралі. Яна патэлефанавала кіроўцу, запатрабавала вярнуцца ў Шчучын, папярэдзіўшы, што выклікала міліцыю.

Кіроўца паехаў назад. Уключыўшы святло, ён заўважыў як адзін з пасажыраў нешта хаваў напрыканцы салону.

Пазней міліцыянты знайшлі каля багажнага аддзялення «згубу» – касметычку з дарагімі духамі.

У крадзяжы ніхто не прызнаваўся. На месца выклікалі крыміналістаў, якія па адбітках пальцаў вызначылі злодзея – раней судзімага за падобныя злачынствы мужчыну. Праваахоўнікі мяркуюць, што ў цемры ён пераблытаў касметычку з гаманцом. Супраць яго распачалі крымінальную справу.

Пасажыры паехалі ў Горадню толькі каля 8 раніцы.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары