Павел Шарамет. Год без адказаў

video

Роўна год таму ўначы ў Кіеве пад аўтамабіль вядомага журналіста Паўла Шарамета заклалі выбуховае прыстасаванне. Наступнаю раніцаю дарогаю на працу Шарамет загінуў ад выбуху пад сядзеннем кіроўцы. Не зважаючы на тое, што расследаванне справы пад асабісты кантроль узяў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, ні выканаўцаў, ні замоўцаў злачынства да сёння гэтак і не знайшлі.

«Да ўсяго рукі не дойдуць, гэта даручаецца аднаму, другому, трэцяму і гэтак далей, у тых свае праблемы. Ім не да гэтага. А паставіць гэта праблемай нумар № 1 сёння украінскія ўлады сабе гэтага дазволіць не могуць, занадта шмат у іх іншых праблемаў», – упэўнены кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі.

Шарамет шмат зрабіў для Беларусі

Сваю журналісцкую карʼеру Павел Шарамет пачаў у 1994-ым годзе, зрабіўшыся аўтарам і вядоўцам аналітычнае праграмы «Праспект» на Беларускім тэлебачанні. У 96-ым узначаліў «Белорусскую деловую газету», тады ж стаўся адмысловым карэспандэнтам расейскага ОРТ у Менску. За сюжэт пра кантрабанду на беларуска-літоўскай мяжы, які не спадабаўся ўладам, быў арыштаваны. Барыс Ельцын, патрабуючы ад Лукашэнкі вызвалення Шарамета, нават зрабіў беларускага лідара часова персонаю нон-грата ў Расеі.

У дзвюхтысячных Шарамет працуе ў розных праектах у Маскве. Журналіст увесь гэты час застаецца строгім і паслядоўным крытыкам беларускага рэжыму.

У 2010-ым бацькаўшчына пазбаўляе яго грамадзянства, спасылаючыся на тое, што Шарамет мае яшчэ і расейскі пашпарт. Але журналіст усё адно пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі.

У 2014-ым Шарамет, нязгодны з анэксіяй Крыму і падтрыманнем сепаратыстаў на Данбасе, пераяжджае з Масквы ў Кіеў. Тут ён працуе ў выданні «Украінська праўда» і на радыё «Весці», па дарозе куды 20-га ліпеня 2016-га года і быў узарваны.

Заўтра а 8-ай гадзіне раніцы на месцы забойства адбудзецца акцыя

Ушанаваць памяць Шарамета прыйдуць і ягоныя калегі. Плануюць, што ўсе ўдзельнікі пройдуць да будынку СБУ, Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства ўнутраных справаў, патрабуючы хутчэйшага расследавання гэтае справы. Заўтра а 22:10 наш тэлеканал пакажа дакументальны фільм-расследаванне «Забойства Паўла», зняты ўкраінскімі журналістамі, якія адкрылі цэлы шэраг новых фактаў і асобаў, якія могуць мець дачыненне да смерці Паўла Шарамета.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары