Пасля заявы Пуціна пра парты чыгунка Літвы спадзяецца на стабільны грузапаток з Беларусі


Нягледзячы на заявы прэзідэнта Расеі пра тое, што Беларусі варта было б экспартаваць перапрацаваную расейскую нафту праз Расею, а не праз парты краінаў Балтыі, літоўская чыгуначная кампанія «Lietuvos gelezinkeliai» па-ранейшаму спадзяецца на стабільны грузапаток.

Кіраўнік «Lietuvos gelezinkeliai» Мантас Бартушка распавёў «BNS», што прадпрыемства разумее рызыкі страціць грузы, аднак стараецца дыверсіфікаваць дзейнасць, забяспечыўшы сабе тым самым стабільны прыбытак.

«Заўсёды існуюць пэўныя аспекты рызыкі, што адных грузаў можа быць менш, іншых – больш, мы іх пастаянна ўзважваем. Не толькі геапалітыка, але і канкурэнцыя паміж партамі можа абумовіць дынаміку нафтапрадуктаў, так што гэтай дынаміцы мы адпавядаем, каб забяспечыць надзейнае транспартаванне, і тэндэнцыі апошніх месяцаў радуюць, таму што мае месца стабільны паток з Беларусі ў Клайпеду », – сказаў Мантас Бартушка.

Ці «прывяжа» Пуцін беларускія грузы да расейскіх партоў

Каментуючы нядаўнія словы расейскага прэзідэнта аб тым, што беларускія нафтапрадукты варта экспартаваць праз расейскія парты Фінскага заліву, Мантас Бартушка сказаў, што дыскусіі на гэтую тэму вядуцца ўжо некаторы час. Паводле яго, з беларусамі абмяркоўвалася магчымасць дастаўляць праз Клайпедскі порт нафту, якая ішла б у Беларусь замест расейскай.

«Пра што мы гаворым з партнёрамі ў Беларусі – яны думаюць пра альтэрнатыву, у пачатку года прывезлі сабе танкер з Ірану, думаюць пра дадатковыя танкеры і, верагодна, будзе магчымасць прымаць танкеры праз Літву», – сказаў кіраўнік чыгуначнай кампаніі.

Пры гэтым ён дадаў, што замяніць беларускія грузы, калі ўзнікне такая неабходнасць, можна будзе з дапамогай унутранага літоўскага рынку, а таксама пераймаючы грузаперавозкі ў аўтатранспарту.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt

Стужка навінаў