Пашпарта не аддалі, у турму не завезлі – Вольга Нікалайчык дагэтуль чакае выканання прысуду ў справе «касметычкі»


Суддзя Менскага гарадскога суда пастанавіў усё ж такі прагледзець відэа, запісанае камерамі амбасады Расеі ў Менску.

Суддзя Валер Камісараў, які сёння пачаў разгляд касацыйнай скаргі Вольгі Нікалайчык, пагадзіўся з патрабаваннем актывісткі паглядзець запіс і высветліць, ці сапраўды Вольга Нікалайчык і Кацярына Садоўская хуліганілі каля дыпламатычнага прадстаўніцтва 29 красавіка.

26 траўня жанчын абвінавацілі ў брыдкаслоўі і супраціве міліцыянтам, за што прысудзілі 13 содняў адміністрацыйнага арышту (Вользе Нікалайчык) і штраф у амаль 11 млн рублёў (Кацярыне Садоўскай) за акцыю-перформанс. Актывісткі спрабавалі перадаць у амбасаду «касметычку» для прапуцінскіх байкераў-прапагандыстаў з клубу «Начныя ваўкі».

Тады суд адхіліў хадайніцтва адваката актывістак і не захацеў выкарыстоўваць відэа ў якасці доказу.

«На камерах аховы мусіла б выразна відаць, што мы не біліся, не супраціўляліся, не куляліся па зямлі. Кацярыне Садоўскай 70 гадоў, у яе цукровая хвароба. Яна не можа нават ногі сагнуць, не кажучы ўжо пра тое, каб качацца па зямлі. Гэты суд – гэта проста вычварэнства было», – распавядала Belsat.eu Вольга Нікалайчык.

Рэжысёрка называе рашэнне суддзі добрым знакам. Пакуль яна застаецца на свабодзе: пасля прысуду грамадскую дзяячку не затрымалі, аднак міліцыянты дагэтуль не вярнулі ейны пашпарт, які забралі пасля перформансу.

Таксама невядома, калі адбудзецца наступнае паседжанне – разгляд скаргі адкладзены на нявызначаны тэрмін.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары