Памілаваныя карупцыянеры ўцякаюць з калгасаў


Аляксандр Архіпаў

Памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам былы карупцыянер-пракурор Аляксандр Архіпаў уцёк з калгасу і знайшоў новую працу. Яшчэ напачатку лета былы намеснік генпракурора звольніўся з калгасу «Пятровічы» Менскай вобласці. Цяпер, як паведамляе TUT.BY, ён працуе першым намеснікам генеральнага дырэктара кампаніі БелАсептыка.

Агулам у Беларусі дзясяткі зняволеных чыноўнікаў-карупцыянераў вызваляюцца з турмаў пасля нядоўгай адседкі. Умоваю для такога «памілавання» з’яўляецца працаўладкаванне на кіроўныя пасады ў стратныя калгасы. Вядома, што гэта ініцыятыва дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія прапанавалі Аляксандру Лукашэнку вызваляць карупцыянераў, каб, на іх думку, спрактываныя і дасведчаныя людзі ратавалі гаспадаркі ў краіне.

За апошнія тры гады сярод былых чыноўнікаў і кіраўнікоў з-за кратаў былі вызваленыя і накаваныя ў калгасы былы старшыня Чашніцкага райвыканкаму Уладзімір Булай, былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Ігар Стасевіч. Акрамя таго ў гэтым жа спісе былы гендырэктар ААТ «Магілёўдрэў» Андрэй Усаў, былы намеснік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Волкаў, былы гендырэктар холдынгу «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін, былы старшыня Салігорскага раёну Аляксандр Рымашэўскі, экс-дырэктар Бабруйскага мясакамбінату Віктар Хадасевіч і былы дырэктар санаторыя «Беларусь» у Сочы, грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш.

Поўнага спісу экс-карупцыянераў, якія былі вызваленыя і працаўладкаваныя ў калгас у агульным доступе няма. Але на пасадзе старшыняў калгасаў экс-чыноўнікі доўга не затрымліваюцца. Прыкладам таму Аляксандр Архіпаў, які адпрацаваў у калгасе два гады. «Уцёк» і Уладзімір Булай, які таксама не больш за два гады працаваў у калгасе «Кляновічы» Менскай вобласці. На пачатку гэтага году ён звольніўся.

Віктар Хадасевіч наагул адпрацаваў нават меней за год у калгасе «Ліпаўка», Магілёўскай вобласці.

Паводле звестак МУС, летась, за карупцыю былі асуджаныя амаль 800 чыноўнікаў і кіраўнікоў рознага ўзроўню.

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары