Памежнікі праспалі. Праз мяжу пранеслі артылерыйскі снарад


Памежны пункт спыніў працу на 1,5 гадзіны, бо ля «Duty free» знайшлі зброю.

23 кастрычніка праца аўтадарожнага памежнага пункта пропуску «Берасце» (болей вядомы як ”Варшаўскі мост” – заўв. «Белсату») была спынена на паўтары гадзіны. На тэрыторыі пераходу, ля крамы «Duty free», адзін з грамадзянаў заўважыў падазроны пакет, пра што і паведаміў у праваахоўныя органы.

Адмысловая брыгада, што выехала на месца, знайшла ў пакеце корпус артылерыйскага снарада без выбуховага рэчыва.

Вось як нам пракаментавалі здарэнне ў прэс-службе берасцейскай памежнай групы:

«Інцыдэнт адбыўся сёння каля 10:00. На тэрыторыі пункту пропуску «Берасце» быў знойдзены прадмет, загорнуты ў поліэтыленавы пакет, вонкава падобны на снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Неадкладна былі прыняты ўсе неабходныя меры для забеспячэння бяспекі грамадзянаў і супрацоўнікаў пункту пропуску. Часова быў спынены пропуск асобаў і транспартных сродкаў праз дзяржаўную мяжу. Пра гэта было паведамлена польскаму боку. Як паказала праверка, выяўлены прадмет апынуўся корпусам ад артылерыйскага снарада без выбуховага рэчыва. Праз паўтары гадзіны, а 11:30, пропуск грамадзянаў быў адноўлены».

«Варшаўскі мост» – самы вялікі памежны пераход Беларусі. За суткі ён можа прапусціць 2350 аўтамабіляў, 350 аўтобусаў і 12000 чалавек. Крама «Duty Free» адкрылася на пераходзе каля года таму, і да яе можна патрапіць толькі пасля праходжання памежнага і мытнага кантролю. Таму ўзнікае пытанне: чаму памежнікі не выкрылі корпус снарада падчас кантролю?

ПЯ, belsat.eu

Стужка навінаў