Ульяна Захаранка (маці зніклага апазіцыйнага палітыка Юрыя Захаранкі) памерла на 95-м годзе жыцця.
«Чорны дзень календара Не стала Ульяны Рыгорауны. Яна так i не дачакалася як скрыпнуць палавiцы i на ганку з’явiцца яе Юрка. Светлай памяці», – напісаў у сваім «Facebook’у» апазіцыйны палітык Лябедзька.
Ульяна Захаранка жыла ў Васілевічах (Гомельшчына).
Юрый Захаранка знік 7 траўня ў 1999 годзе. Паводле дэмакратычнай супольнасці, да раптоўнага знікнення палітыка мелі дачыненне гэтак званыя «эскадроны смерці» – адмысловае фармаванне, створанае для вынішчэння няўгодных уладам людзей.
Паводле былога начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Захаранку выкралі ды расстралялі на загад людзей набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.
У 2017 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прыняў скаргу Ульяны Захаранкі аб прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым (афіцыйна Захаранка лічыцца зніклым без вестак).
ЮВ, belsat.eu