Падручнікі па сучаснай гісторыі. Што і як выкладаюць беларускім школьнікам?


Вокладка падручніка па гісторыі Беларусі за 11 клас

Сучасную гісторыю беларускія дзеці пачынаюць вывучаць толькі ў старэйшай школе. На гэты час існуе 6 падручнікаў, за 9, 10 і 11 класы па гісторыі Беларусі і Сусветнай гісторыі, па якіх вучацца беларускія падлеткі. Belsat.eu пагартаў падручнікі, каб паглядзець, якое бачанне Свету і Беларусі перадаюць падлеткам. 

Школьная праграма сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі знаходзіцца пад строгім дзяржаўным кантролі. Існуе спіс падручнікаў і літаратуры, абавязковых для выкарыстання, які складае міністэрства адукацыі.

«Як складаюцца гэтыя падручнікі, не ведае ніхто. А тыя, хто ведае, распавядаюць, што аўтары падручнікаў атрымліваюць у міністэрстве адукацыі нейкі спіс таго, аб чым яны павінны там напісаць», – кажа Аляксей Братачкін, гісторык, даследчык цэнтру грамадскай гісторыі Еўрапейскага каледжа Liberal Arts, на адкрытай лекцыі ў арт-пляцоўцы «Корпус».

Аляксей Братачкін, гісторык, даследчык

На падручніках ёсць прозвішчы гэтых аўтараў, але гэта яшчэ не азначае, што яны сапраўды напісалі ўсё тое, што там змешчана. Бо потым падручнікі праходзяць яшчэ праз некалькі інстытуцый і карэкцыяў.

Гісторыя Беларусі перапісвалася тры разы

Першыя падручнікі пасля развалу Савецкага саюзу транслявалі нацыянальную канцэпцыю гісторыі, адбыўся адыход ад агульнага савецкага, так званага каланіяльнага падыходу.

«У гісторыкаў была задача даць людзям ідэнтычнасць, савецкая ідэнтычнасць знікла, патрэбна было абнародаваць іншую, зацвердзіць самабытнасць і старажытнасць нацыі», – распавядае Аляксей Братачкін.

Але падача гісторыі Беларусі з боку самаідэнтыфікацыі скончылася з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Пачалася рэканструкцыя савецкасці і кансерватызму.

«Пачалася рэсаветызацыя школьнай праграмы і падтрымка ўлады. Зноў да працы прыступілі гісторыкі ад былой камуністычнай партыі, якім не да густу быў дыскурс незалежнасці. Падручнікі з бел-чырвона-белай вокладкай зніклі са школ і былі замены на новыя, з новай гісторыяй, у якіх фактычна ўзнаўляўся савецкі кантэкст».

У гэты час як раз назіралася актыўнае ўзмацненне адносінаў з Расеяй. Пасля таго, як пік сяброўства быў пройдзены і Лукашэнка пачаў паглядаць і на Захад, падручнікі зноў змяніліся. У пачатку 2000-х гадоў, школьнікам зноў пачалі распавядаць пра незалежную і самастойную Беларусь. У гэты ж час у навучальных установах, у тым ліку вышэйшых, з’явіўся новы курс «ідэалогія беларускай дзяржаўнасці».

«Я б заўважыў, што ў гэтых падручніках распавядаецца не столькі гісторыя грамадства, народа, колькі гісторыя дзяржаўных інстытутаў, і галоўнага інстытуту – прэзідэнцкай улады», – кажа даследчык.

Заданне для вучняў на старонках падручніка гісторыі Беларусі за 11 клас

 

Захад і мы: розныя цывілізацыі

Выкладанне сусветнай гісторыі і бачанне гістарычных падзей не змянілася ў беларускіх падручніках і дагэтуль. Пра развітыя краіны Захаду распавядаецца ў кантэксце войнаў і крызісаў.

«Калі я чытаў падручнікі сусветнай гісторыі 20 стагоддзя, то ў мяне было адчуванне, што халодная вайна дагэтуль не скончылася, паўсюль прапагандыстская рыторыка супраць Захаду», – кажа Аляксей Братачкін.

Школьнікам не паказваюць сувязь падзеяў, узаемаўплыў савецкага і заходняга асяроддзяў. Нібыта дзве цывілізацыі, якія існавалі і існуюць дагэтуль паасобку, пры гэтым яны – горш. Школьнікам не распавядаюць пра агульныя тэндэнцыі, падзеі, якія закранулі і ўплывалі на ўвесь свет, якімі яны былі, чаму адбыліся і якія наступствы мелі для розных куткоў свету.

«Пералічваецца проста сума падзеяў, хаос інфармацыі, які складана аб’яднаць. Гэта мае вельмі простае тлумачэнне: так вельмі проста арганізаваць сваю гісторыю, калі не сыходзіць у транснацыянальны падыход і паказаць, што ў нас усё добра», – кажа Аляксей.

А вось так заканчваецца адзін з параграфаў пра гісторыю краінаў Заходняй Еўропы і ЗША: «Але да гэтага часу вядучыя краіны Захаду не здолелі дасягнуць агульнай фінансавай і эканамічнай стабільнасці».

З падручніка па сусветнай гісторыі за 11 клас

Ідэалізацыя савецкага перыяду

«Вырашальную ролю ў барацьбе з фашызмам адыграў Савецкі саюз. Галоўным чыннікам перамогі народу стаў патрыятызм людзей. Савецкія людзі перамаглі ў Вялікай айчыннай вайне толькі таму, што змагаліся за сваю зямлю, сем’і і ідэалы. Кіруючая роля ў барацьбе з фашызмам належала камуністычнай партыі», – сказ з сучаснага школьнага падручніка гісторыі за 11 клас.

Няма ў падручніках слова таталітарызм, а калабарацыя з фашысцкай арміяй была нібыта толькі ў краінах Заходняй Еўропы. Апраўдваюцца рэпрэсіі, быццам яны былі неабходныя для мабілізацыі ў час другой сусветнай вайны.

Савет Еўропы мае рэкамендацыі што да выкладання сусветнай гісторыі школьнікам. Між іншага, там раяць ва ўстановах адукацыі развіваць тэмы правоў чалавека, інтэлектуальныя здольнасці і ўменне абмяркоўваць спорныя і вострыя пытанні, напрыклад, пра Халакост, нацыянальныя меншасці.

Больш надаецца ўвагі паўсядзённай гісторыі, сучасным дасягненням навукі і тэхналогіяў, развіццю пост-індустрыяльнага грамадства.

«За апошнія дзесяцігоддзі беларускія падручнікі сталі лепшымі толькі ў паліграфічным сэнсе. Упакоўваецца ўсё гэта метадычна амаль правільна, ёсць шмат ілюстрацыяў, тэкст яны намагаюцца зрабіць больш празрыстым, шмат пытанняў для розных узроўняў школьнікаў», – кажа Аляксей Братачкін.

Разам з тым, вітаецца больш інтэрактыўны падыход да навучанне, а не простае завучванне.

Гендэрнае пытанне і правы чалавека

У тэкстах курсу сусветнай гісторыі 20 стагоддзя – 1000 мужчынскіх прозвішчаў. У апісанні першай паловы 20 стагоддзя згадваецца 9 жаночых імёнаў, для другой паловы 20 стагоддзя знайшлося аж 35 узгадванняў. Улічваючы тое, што абсалютная большасць аўтараў сучасных падручнікаў – таксама мужчыны, гендэрнае выхаванне ў школьнай праграме для беларускіх дзяцей адсутнічае.

Гісторыя Беларусі таксама прадстаўлена выключна мужчынскай, а пра жанчынаў згадваецца толькі ў выпадку, калі яны вядомыя і не назваць іх у той перыяд немагчыма, або ў выпадку, калі яны транслююць традыцыйнае старое бачанне жанчыны – маці, гаспадыня. За перыяд пасля другой сусветнай вайны толькі 23 жанчыны трапілі на старонкі падручнікаў і каля 300 мужчынаў.

Правы чалавека гучаць у беларускіх падручніках сусветнай гісторыі толькі ў кантэксце нейкіх палітычных або сацыяльных падзеяў у краінах Еўразвязу або ЗША. Адзіны вялікі абзац, у якім распавядаецца аб асноўных правах чалавека і іх парушэнні, прысвечаны Балтыйскім краінам.

«У Латвіі і Эстоніі агульная вага расейскамоўнага насельніцтва пасля дасягнення незалежнасці перавышае долю карэнных жыхароў. Усхваляваныя гэтымі ўмовамі кіраўнікі краіны абмежавалі правы расейскамоўных на атрыманне грамадзянства. Такое парушэнне правоў чалавека выклікала справядлівае абурэнне расейскамоўнага насельніцтва».

Вераніка Ўладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары