Па дарозе на ЧС па футболе немец праехаў Беларусь на трактары


Сёння нямецкі трактарыст заначаваў у Асіповічах.

Пра 70-гадовага грамадзяніна Нямеччыны на трактары з прычэпам стала вядома адразу, як толькі ён перасек мяжу Беларусі. Чытач ABW даслаў відэа, зробленае ў пункту пропуску «Бераставіца» яшчэ 4-га чэрвеня.

Мужчына едзе з сабакам. Прычэп, які нагадвае піўную бочку, – па сутнасці, дом на колах. На даху – сонечная батарэя.

Пазней беларусы фатаграфаваліся з нямецкім трактарыстам на працягу ягонага шляху па Беларусі – пераважна на запраўках.

Беларус Антон фатаграфуецца з заўзятарам з Нямеччыны, які едзе ў Расею на трактары на Чэмпіянат свету па футболе. Фота – ABW

Уладальніка рарытэтнага трактару можна разгледзець на відэа, якое зняў Аляксандр Лабачоў. Беларус распавёў, што пры праездзе мяжы немца спыніла Транспартная інспекцыя, якая спачатку «не ведала, што рабіць: трактар – не машына».

«Ён без прыбора аплаты паехаў, спынілі, разгарнулі і сказалі купіць BelToll», – распавёў мужчына.

Немец паведаміў суразмоўцам, што збіраецца заехаць у Менск, а да Масквы плануе дабрацца цягам дзесяці дзён.

Lanz Bulldog едзе з хуткасцю 30 км/г. Кіроўца спіць ў прычэпе, які нагадвае піўную бочку, але з’яўляецца паўнавартасным домам на колах. Фота – ABW

Вядома, што ўночы з 6-га на 7-га чэрвеня трактарыст спаў у Асіповічах.

Lanz Bulldog – нямецкі сельскагаспадарчы трактар, розныя мадыфікацыі якога выпускалі ў 1921–1960-м гадах. У 1956-м заводы Lanz набыла кампанія John Deer. Bulldog – адзін з самых папулярных нямецкіх трактароў. Агулам іх выпусцілі 220 тыс. экзэмпляраў. У Нямеччыне, асабліва ў Баварыі слова «bulldog» – сінонім «трактара».

Адзін з беларускіх дальнабойшчыкаў, які знаходзіцца ў рэйсе ў Расеі, папрасіў па радыёсувязі ўсіх, хто будзе бачыць трактарыста, «дапамагчы яму, калі што, у дарозе».

На ЧС па футболе, які пачнецца ў Расеі 14 чэрвеня, зборная Нямеччыны гуляе ў групе «F». Першы матч яна правядзе ў Маскве 17 чэрвеня супраць каманды Мексікі.

ДД

Стужка навінаў