Кіраўнік ДАІ назваў смяротны выпадак з удзелам п'янага інспектара «ганьбай для службы»


Здарэнне адбылося а 20:50 26 лістапада на трасе ў Ляхавіцкім раёне Берасцейшчыны каля вёскі Дарава.

Інспектары ДАІ спынілі аўтамабіль, якім кіраваў мужчына без правоў. Пакуль на яго афармлялі пратакол, 36-гадовая пасажырка, жыхарка Слуцку Вольга Стралкоўская, выйшла з машыны, каб даведацца пра прычыны спынення. Калі яна пераходзіла дарогу, яе збіў аўтамабіль. Наезд здарыўся ў некалькіх метрах ад пешагоднага пераходу. Жанчына загінула. У яе засталося двое непаўналетніх дзяцей – 6-гадовы сын і 16-гадовая дачка.

Вінаваты ў трагедыі Андрэй Валкавыцкі – старшы дзяржаўны аўтаінспектар, які часова выконваў абавязкі кіраўніка ДАІ Баранавічаў. Мужчына быў не на службе, ехаў у цывільным і на асабістым аўтамабілі. Агляд паказаў, што ў яго крыві было 2,9 праміле алкаголю.

Як адзначыла старэйшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення ДАІ МУС Ганна Банадык, начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк назваў інцыдэнт «ганьбай для службы».

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу, цяпер міліцыянт у СІЗА, пацвердзіла інфармацыю афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

У ДАІ не ведаюць, дзе іх кіраўнік?

У Баранавіцкім ДАІ «Белсату» не здолелі пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, таксама як і паведаміць, дзе цяпер знаходзіцца іхны начальнік. На пытанні журналістаў пра здарэнне працаўніца міжраённага аддзелу ДАІ адмаўлялася даваць інфармацыю ды пераключала на іншую тэлефонную лінію, дзе на тэлефанаванні ніхто не адказваў.

ДР belsat.eu паводле abw.by, tut.by

Стужка навінаў