Нёман у Горадні ператвараецца ў балота?


Рэкорднае падзенне ўзроўню вады прывяло да непрадказальных наступстваў у самым цэнтры гораду. Праз абмяленне Нёман фактычна перастаў быць суднаходным.

Цеплаход «Виктор Усов», які быў прададзены ў Друскенікі і катаў па рацэ турыстаў, зараз незапатрабаваны, уласнікі нясуць страты. «Ольга Соломова», якая засталася ў горадзе, таксама стаіць на прыколе. Выйшаўшыя на паверхню валуны і выспы супрацоўнікі рачной гаспадаркі вымушаныя пазначаць бакенамі, каб бяспечна плаваць па некалі паўнаводнай рацэ маглі хаця б… чаўны.

Паводле дадзеных з гідралагічнага пасту, узровень вады зараз знаходзіцца на 18 см, хоць на пачатку месяцу сягаў амаль 40. Такім чынам быў пабіты рэкорд абмялення ў 2002 годзе – 23 см. За сухімі лічбамі хаваецца сумная рэальнасць: напрыклад, асобны ўчастак паміж Каложаю і Новым мостам у 10 хвілінах ад цэнтру гораду ўсё больш нагадвае сапраўднае балота.

Дайсці да выспы зараз можна не замачыўшы ног, вакол – смецце, якое дагэтуль ляжала на дне, стаі крумкачоў і страшэнны смурод. З вады відаць нават падмуркі нямецкай пераправы праз Нёман часоў І Сусветнай вайны, а з кустоў, за 50 метраў ад вады, тырчыць знак пра забарону купання… Адным словам, карціна апакаліптычная.

Па іроніі лёсу, на выспе, якая зараз «прырасла» да берагу, у канцы 90-х праводзіліся акцыі пратэсту эколагаў супраць будаўніцтва ГЭС на Нёмне, якую эколагі неаднаразова вінавацілі ў пачатку працэсу абмялення ракі.
У сваю чаргу на ГЭС сцвярджаюць, што праца ідзе ў «штатным рэжыме», а праблемы з абмяленнем звязаныя з прыроднымі анамаліямі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў