Няма лецішча? 5 раслінаў, якія можна вырасціць на балконе і з'есці


Вясна набрала моцы, і ў электрычкі загрузіліся дачнікі. Што рабіць, калі сваёй зямлі няма, а свежай зеляніны вельмі хочацца? Выкарыстаць гаўбец або падаконнікі – там можна хутка вырасціць смачную падтрымку для хатніх страваў. Прапануем 5 раслінаў, якія будуць добра адчуваць сябе на балконе, а даглядаць за імі вельмі лёгка, як распавяла belsat.eu Вольга Шчыглінская, спецыялістка па пермакультуры, каардынатарка эксперыментальна-практычнага кірунку ў арганізацыі «Аграэкакультура».

1. Міжземнаморскія прыправы. Калі ваш гаўбец выходзіць на поўдзень, то самае трапнае – пасадзіць там міжземнаморскую зеляніну : размарын, аргана, чабор, базілік і нават лаўр. Гэтыя расліны часам цяжка выхаваць у адкрытай зямлі ў Беларусі, асабліва, калі цяпло ўсталёўваецца позна, як у гэтым годзе. Але ў закрытым памяшканні сонечнага сезону і тэмпературы хопіць для іх росту і развіцця. Яны стануць пікантным дадаткам для любых страваў, іх патрэбна няшмат, таму нават самы маленькі гаўбец можа стаць прыдатным месцам. Як раіць Вольга Шчыглінская, гэтыя расліны лепш купіць ужо прарослымі, ці папрасіць у сяброў, бо яны доўга ўзыходзяць.

Базілік

2. Цыбуля. Зялёныя парасткі розных сартоў цыбулі выдатна прыдаюцца да летніх салатаў. Каб не купляць у магазіне, можна вырасціць сваю ў гаршках. Але тут ёсць адзіная складанасць: цыбуля не надта любіць зашмат святла і гарачыні, таму, калі ў вас на балконе сонейка свеціць ад ранку і да вечара, то для цыбулі лепш стварыць трошкі ценю, або паставіць гаршкі на падлогу. Інакш пер’е вельмі хутка вырасце і адразу высахне або выйдзе ў цвет.

3. Салаты і салатныя расліны: рукала, дробналістныя салаты. Існуюць нават спецыяльныя сумесі насення дробных салатных раслінаў. Для іх добра падыходзяць усходнія і паўночныя балконы, а калі балкон паўднёвы, то трэба прыцямняць або ставіць на падлогу, каб тэмпература была не занадта высокай. Таксама ім патрэбны актыўны паліў. Звычайны салат-латук таксама можна вырасціць, але ён фармуе сваю завязь даўжэй. «Чым даўжэй праходзіць фармаванне расліны, тым даўжэй вам патрэбна будзе сачыць за тым, каб умовы яе росту выконваліся», тлумачыць Вольга Шчыглінская.

4. Караняплоды. Морква і бурак не вырастуць на балконе, бо для іх патрэбна сапраўдная зямля і прастора. Але пасадзіць іх варта дзеля зеляніны.

«Зеляніна морквы надта багатая на мікраэлементы, а маладое лісце бурака нашмат карысней, чым сам караняплод. Выганка зеляніны на балконе – самае простае, што можа быць. Зеляніна расце за кошт рэчываў, што ўжо ёсць у караняплодзе, таму тут не патрэбныя ні вялікі гаршчок, ні шмат зямлі. Патрэбна проста купіць моркву або бурак не адрэзаным верхам, уткнуць у зямлю і паліваць», – кажа Вольга.

5. Агуркі. Вырошчванне агуркоў на балконе – для больш сталых агароднікаў, але і гэта цалкам магчыма. Можна паспрабаваць стварыць ўмовы, блізкія для парніковых – там павінна быць цёпла, светла і не суха. Варта купляць насенне хуткаплоднага агурка, прызначанае для вырошчвання ў парніку, каб яно не патрабавала апылення пчоламі.

«Гэта, скажам, больш для прасунутых агароднікаў, але, калі ёсць месца паставіць кадку, то можна нават цукіні вырасціць, дробны сорт. Зараз вытворчасць добра рэагуе на запрос насельніцтва на такое дробнае агародніцтва і вырабляе насенне, якое падыдзе для вырошчвання на балконе. Гэта не геннамадыфікаванае насенне, тут баяцца няма чаго. Гэта проста гібрыды», – тлумачыць экспертка.

Для вырошчвання раслінаў на балконе падыдуць звычайныя гаршкі для кветак, а таксама любыя іншыя невялікія пасудзіны, што ёсць пад рукой. Галоўнае, каб посуд не быў чорнага колеру ці празрыстым. У чорным гаршку караням будзе надта горача, а ў празрыстым загінуць карысныя бактэрыі, што не выносяць святла. Ідэальны посуд – светлы, таўстасценны, керамічны. Калі такой няма, то можна прыладзіць што заўгодна і абгарнуць, напрыклад, фольгай або чымсьці светлым.

Галоўны клопат пра агарод на балконе – гэта вільгаць. З малога посуду вільгаць вельмі хутка выпараецца, таму патрэбна часта паліваць, або ставіць на ноч у паддон з вадой.

«Калі ў сям’і ёсць дзеці, то для іх вельмі цікава будзе выгадаваць памідор або гарох, але гэта больш для забавы, бо для гэтых раслінаў, канешне, больш падыходзіць лецішча», – кажа Вольга Шчыглінская.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

 

Стужка навінаў