Арганізатар «Джазавых вечароў» у Менску патрапіў пад новыя санкцыі ЗША


ЗША ўключылі сына Віктара Януковіча Аляксандра ў спіс асобаў, супраць якіх уводзяцца санкцыі ў сувязі з сітуацыяй ва Украіне і далучэннем Крыму. Усяго ў пералік патрапілі 12 чалавек, ён апублікаваны 30 ліпеня на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.

Пад санкцыі таксама трапілі некалькі структур «Внешэкономбанка»: беларускі «Белзнешэканамбанк», назіральную раду якога ўзначальвае Надзея Ермакова, былая старшыня Нацбанку; Расейскае агенцтва па страхаванні экспартных крэдытаў і інвестыцыяў, «Эксимбанк», Федэральны цэнтр праектнага фінансавання, «Глобекс банк», «Краслесинвест», «Проминвестбанк», «Роуз Груп», СМЕ банк, «Связь банк» ды іншыя, інфармуе tvrain.ru.

Статутны фонд «Белзнешэканамбанк» чацвёрты па памерах у Беларусі і складае Br 1,174 млрд. Акцыянерамі банку з’яўляюцца каля 420 юрыдычных і больш за 43 тысяч фізічных асоб.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

ААТ «БелВЭБ» належыць 100% страхавой кампаніі «Белзнешстрах», 52% СЗАТ «Міжнародны энергетычны цэнтр», 51% будаўнічай кампаніі «Знешэканамбуд» і 25 % вытворцы абутку «Сівельга».

Цікава, што кліентамі «Белзнешстрах» з’яўляюцца «Рэстараны МакДональдс» і амбасада Украіны ў Беларусі.

«Белзнешэканамбанк» – генеральны партнёр фолк-фэсту «Камяніца» і арганізатар «Джазавых вечароў» у Менску. Таксама банк вылучыў крэдыт у памеры $ 500 млн. на будаўніцтва астравецкай АЭС.

Абмежаванні закранулі і даччыныя кампаніі «Роснефти» – «Ванкорнефть», «Нефть-актив», Ачынскі перапрацоўчы завод, Ангарскі нафтаперапрацоўчы завод, Куйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод, «Оренбургнефть» ды іншыя.

У чорны спіс таксама ўключаны кампанія Расейскага фонду прамых інвестыцыяў, Карпарацыя развіцця Паўночнага Каўказу, Іжэўскі механічны завод, камерцыйныя парты Еўпаторыі, Феадосіі, Керчы, Севастопаля, Ялты, а таксама Керчанская паромная пераправа.

Каго закранулі персанальныя санкцыі?

Персанальныя санкцыі закранулі, у прыватнасці, украінскага мільярдэра Сяргея Курчэнку і топ-менеджара «Концерна Калашников» Андрэя Булюціна. Санкцыі ўвялі таксама супраць сына мільярдэра, саўладальніка «СМП Банку» ды віцэ-прэзідэнта Федэрацыі дзюдо Расеі Барыса Ратэнберга – Рамана.

Раман Ратэнберг узначальвае кампанію-вытворцу спартыўнага харчавання «Доктар Спорт». Ён таксама займае пасаду віцэ-прэзідэнта хакейнага клубу СКА і ўваходзіць у праўленне Кантынентальнай хакейнай лігі. У снежні яго прызначылі першым віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі хакея Расеі.

ЗША скіравалі санкцыі і супраць Аляксандра Януковіча – бізнесоўцы, старэйшага сына Віктара Януковіча, былога кіраўніка Украіны. Паводле звестак украінскага «Forbes», у лістападзе 2013-га года ўласнасць Аляксандра Януковіча складала $ 510 млн. Да чэрвеня 2014-га яго ўласнасць скарацілася да $ 78 млн.

Пад санкцыі трапілі некалькі чалавек «з акружэння» прадпрымальніка, блізкага да Уладзіміра Пуціна, Генадзя Цімчанкі: Кай Паанен, Алег Усачоў і Пётр Колбін. Медыі падаюць, што Цімчанка, дзякуючы сяброўству з Пуціным, змог добра зарабіць на прыватызацыі прадпрыемстваў Санкт-Пецярбурга, дзе ў 1990-х гадах Пуцін працаваў у мэрыі. Цімчанка размяшчаў за мяжою асабістыя капіталы расейскіх чыноўнікаў, у тым таксама Уладзіміра Пуціна.

Санкцыі ў дачыненні Расеі падтрымалі таксама краіны з-паза Еўразвязу

Напярэдадні стала вядома, што некалькі краін услед за Еўразвязам увялі санкцыі ў дачыненні да Расеі, якія ЕЗ працягнуў да канца студзеня 2016 года. Гэта Чарнагорыя і Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, а таксама Украіна. Акрамя таго, да абмежавання на экспарт прадукцыі з Крыму далучылася Грузія.

Першыя санкцыі ў дачыненні да Расеі ЕЗ, ЗША і некаторыя іншыя краіны ўвялі ў сакавіку 2014 года ў адказ на далучэнне Крыму. Пасля крушэння «Боінга» ў Данецкай вобласці і эскалацыі канфлікту на ўсходзе Украіны абмежаванні былі ўзмоцненыя. Цяпер санкцыі тычацца не толькі асобных людзей і кампаній, але і цэлых сектараў расейскай эканомікі.

У адказ на гэта ў жніўні мінулага года Расея забараніла ўвоз харчавання з краін, якія ўвялі санкцыі. У прыватнасці, забаронены ўвоз гародніны, мясной і малочнай прадукцыі з краін ЕЗ.

У чэрвені 2015 Расея падоўжыла эмбарга на год.

Мікіта Семяненка, МЯ, з выкарыстаннем інфармацыі tvrain.ru

Стужка навінаў