Пашукавік «Яндэкс» хаваў негатыў пра Пуціна і Z з дапамогай антыпорна алгарытмаў


Расейскі пашукавік «Яндэкс» хаваў негатыў пра Уладзіміра Пуціна і расейскую агрэсію ва Украіне з дапамогай алгарытмаў, што дапамагаюць блакаваць дзіцячую парнаграфію. Аб гэтым напісала выданне «Медуза».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: vedomosti.ru

Даследуючы маштабную ўцечку з «Яндэкса», пра якую стала вядома 26 студзеня, журналісты «Медузы» высветлілі, якім чынам пашукавік цэнзураваў выдачу інфармацыі па некаторых запытах. У прыватнасці, выдача выяваў і відэа з Уладзімірам Пуціным і сімвалам Z цэнзуравалася такім чынам, каб яны не фігуравалі ў негатыўным і абразлівым для Крамля кантэксце.

Журналісты высветлілі, што для абмежавання паказу карыстальніку непрыемнага Крамлю кантэнту «Яндэкс» выкарыстоўваў такія ж механізмы цэнзуры, якія працуюць, калі карыстальнік цікавіцца этычна не прымальным для грамадства кантэнтам кшталту дзіцячай парнаграфіі. Так, у адказ на непрыстойныя запыты кшталту «Пуцін х****ло» і нават на нявінны запыт па словазлучэнні «бункерны дзед» пашукавік абмяжоўваў паказ карыстальніку адпаведных калажаў і іншых выяваў, на якіх фігуруе прэзідэнт Расеі. Блакаваў пашукавік і выдачу выяваў і відэа з Пуціным адказ на мноства мацерных запытаў, змест якіх асацыюецца з дзейсным расейскім прэзідэнтам. Хоць іншымі інструментамі інтэрнэтнага пошуку такіх выяваў знаходзіцца процьма.

Падобныя ж алгарытмы «Яндэкса» ахоўваюць ад негатыўных асацыяцыяў і лацінскую літару Z, якая стала сімвалам расейскай вайны ва Украіне.

Выданне адзначае, што вывучыўшы дадзеныя ўцечкі, добра бачна, як арганізаваны знутры і наладжаны найбуйнейшы расейскі пашукавік, «які ў апошнія гады стала крытыкуюць за супрацу з Крамлём».

Вядома, што падчас названай уцечкі ў агульны доступ карыстальнікаў Інтэрнэту патрапілі зыходныя коды і розныя звязаныя з імі дадзеныя шматлікіх сэрвісаў і праграм «Яндэкса». Паведамляецца, што ў сціснутым выглядзе архіў займае 44,7 гігабайтаў. У гэты архіў патрапілі кавалкі кодаў ад сэрвісаў «Яндэкс.Карт», «Яндэкс.Дырэкт», «Яндэкс.Пошта», «Яндэкс.Таксі» і непасрэдна рухавіка пашукавіка.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў