Моцны снегапад у Беларусі стаў прычынай шэрагу сур'ёзных ДТЗ


Цягам 29 лістапада ў Беларусі назіраўся моцны снегапад, які зрабіў рух па аўтамабільных дарогах вельмі небяспечным. Было зафіксавана некалькі ДТЗ з пацярпелымі.

Днём ДАІ заклікала не выязджаць на дарогі без неабходнасці. Як адзначаюць у міліцыі, у Менску многія аўтамабілі апынуліся ў пастцы непагадзі: угразлі на абочыне, з’ехалі ў кювет, спыніліся на праезнай частцы. На вуліцы Ваўпшасава з боку вуліцы Солтыса з-за снегападу часова быў абмежаваны рух. Непагадзь стала прычынай шэрагу ДТЗ.

У Менску на вуліцы Кірава аўтамабіль пратараніў краму.
Фота: gaiminsk / Telegram

Гэтак у Менску каля 06:30 35-гадовы кіроўца аўтамабіля «BMW» паблізу дома №13 па вул.Кірава не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі і пратараніў краму. У гэтым ДТЗ ніхто не пацярпеў.

ДТЗ у Чэрвенскім раёне, 29 лістапада.
Фота: skgovby / Telegram

У Чэрвенскім раёне раніцай 29 лістапада 27-гадовы кіроўца мікрааўтобуса Citroen Jumper, рухаючы па аўтадарозе М4 Менск – Магілёў, не ўлічыў неспрыяльныя ўмовы надворʼя і абраў небяспечную хуткасць руху. У выніку ён страціў кантроль над кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамабілем Volkswagen, якім кіраваў 32-гадовы жыхар Беразіно. Абодва кіроўцы і 27-гадовая пасажырка легкавога аўтамабіля атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

ДТЗ на МКАДзе, 29 лістапада.
Фота: gaiminsk / Telegram

Днём 29 лістапада 37-гадовы кіроўца аўтамабіля Citroen, рухаючыся па ўнутраным кальцы МКАДу, не справіўся з кіраваннем і наехаў на мачту асвятлення. У выніку ДТЗ аўтамабіліст і тры пасажыры атрымалі цялесныя пашкоджанні. Адну жанчыну былі вымушаны дэблакаваць з машыны ратаўнікі. Пацярпелых шпіталізавалі.

ДТЗ у Баранавіцкім раёне, 29 лістапада. УВД Брестского облисполкома / VK.com

Увечары ў Баранавіцкім раёне на 4-м км аўтадарогі Н273 Новая Мыш – Палонка мікрааўтобус Volkswagen не справіўся з кіраваннем і зʼехаў у кювет, дзе машына перакулілася. У выніку ДТЗ пацярпелі дзве пасажыркі – 42 і 54 гады. Яны шпіталізаваныя.

Ва Уздзенскім раёне адбылося смяротнае ДТЗ. На 30 км аўтадарогі Р-23 50-гадовы мянчук за стырном аўтамабіля Mercedes учыніў наезд на 60-гадовага жыхара Маладзечна, кіроўцу Volkswagen, які спыніўся, каб прыбраць снег са шклоачышчальнікаў.

ДТЗ ва Узденскім раёне.
Фота: minobl_uvd / Telegram

У выніку наезду мужчына, які выйшаў з машыны, ад атрыманых траўм памёр на месцы здарэння.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў