У другой палове дня 29 жніўня пачала паступаць інфармацыя аб выбухах і стральбе ў Менску, у прыватнасці, у Фрунзенскім раёне. У Менгарвыканкаме растлумачылі: гэта вучэнні тэрытарыяльных войскаў.
«29–30 жніўня падчас другога этапу комплекснай праверкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны гораду Менску ў раёне Масюкоўшчыны запланаванае правядзенне розыгрышу практычных дзеянняў камандна-штабнога вучэння тэрытарыяльных войскаў», – гаворыцца ў паведамленні Менгарвыканкаму.
Таксама ў ведамстве заявілі, што ўваход на тэрыторыю, «прылеглую да раёну правядзення розыгрышу практычных дзеянняў», забаронены.
Раней паведамлялася, што вучэнні тэрытарыяльных войскаў пачнуцца 27 жніўня. «Падчас вучэння будзе адпрацаваны шэраг пытанняў узмацнення аховы важных аб’ектаў у сталіцы», – заяўляў начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны Беларусі Андрэй Маціевіч.
У Беларусі тэрытарыяльныя войскі пачалі фармаваць яшчэ з 2011 года, але працэс цалкам не завяршылі. Мінабароны Беларусі пачало праверку тэрытарыяльных падраздзяленняў пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
Алена Рувіна belsat.eu