Колькасць ахвяраў ракетнага абстрэлу ў Краматорску вырасла да 12 чалавек


Раніцаю 29 чэрвеня ў Краматорску з-пад завалаў дасталі цела яшчэ аднаго загінулага. Агулам ахвярамі ракетнага ўдару сталіся 12 чалавек, з іх трое дзяцей.

Месца ракетнага абстрэлу ў Краматорску 27 чэрвеня 2023 года.
Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны

29 чэрвеня скончыліся аварыйна-ратавальныя працы на месцы ракетнага ўдару ў Краматорску, які Расея здзейсніла 27 чэрвеня.

Паводле Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў Украіны, акрамя 12 загінулых, 60 пацярпелі, у тым ліку дзіця. Былі ўратаваныя з-пад завалаў 11 чалавек.

Паводле Генеральнай пракуратуры Украіны, расейскія вайскоўцы здзейснілі абстрэл дзвюма ракетамі «Іскандэр» увечары 27 чэрвеня, калі людзі дабраліся дадому пасля працы.

Асноўны ўдар нанеслі па будынку кавярні. Контрвыведка Службы бяспекі Украіны па гарачых слядах затрымала агента спецслужбаў Расейскай Федэрацыі, які карэктаваў ракетны ўдар. Карэктавальнікам аказаўся «раскансерваваны» агент Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ. 27 чэрвеня ён зрабіў утоеную відэаздымку ўстановы і прыпаркаваных побач аўтамабіляў, пасля чаго адаслаў файл расейскай выведцы і быў нанесены ракетны ўдар.

Пачалі дасудовае расследаванне па фактах парушэння законаў і звычаяў вайны (ч. 1, 2 арт. 438 КК Украіны). Працэсуальнае кіраўніцтва ажыццяўляе Данецкая абласная пракуратура.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў