У Беларусі працягваецца пераслед за атрыманне дапамогі праз «INeedHelpBY». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле звестак праваабаронцаў, падчас рэйду КДБ напрыканцы студзеня за атрыманне прадуктовай дапамогі ад «INeedHelpBY» пад пераслед трапілі не менш як 287 асобаў. У адміністратыўных справах асудзілі прынамсі 127 асоаў, 100 з якіх – паводле арт. 24.15 КаАП («Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі»). Суды ў гэтых справах прызначаюць вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы аплаты ў «Е-дастаўцы».
«Вясна» заклікае абскарджваць рашэнні судоў.
«Гэта дае шанец на адмену пастановы, а таксама дазваляе адцягнуць час для выплаты штрафа (мінімум на два месяцы)», – кажуць праваабаронцы.
Для абскарджвання трэба запытаць у суда матывавальную частку. Таксама можна звярнуцца па дапамогу да юрыстаў «Вясны».
Нагадаем, 23 студзеня па ўсёй Беларусі працаўнікі КДБ учынілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. У пастановах на ператрусы былі пазначаныя артыкулы 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») Крымінальнага кодэксу РБ. Прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Якуб Хруст belsat.eu