27 кастрычніка ў Варшаве распачаў працу двухдзённы Belarus Business Harbour «Як выратаваць беларускі бізнес цяпер і дапамагчы развівацца ў будучыні?». Асноўная мэта мерапрыемства – аб’яднанне беларускай бізнес-дыяспары.
Праводзяць форум Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) сумесна з даследчым цэнтрам CASE Belarus пад патранатам Святланы Ціханоўскай. Медыяпартнёр форуму – тэлеканал «Белсат».
Цягам двух дзён беларускія лідары, міжнародныя дыпламаты і эксперты абмяркуюць вырашэнні найбольш тэрміновых задач, якія цяпер стаяць перад беларускімі бізнесамі – як перад тымі, якія засталіся ў краіне, так і перад тымі, што былі вымушаныя рэлакавацца. Прадпрымальнікі падзеляцца тым, з якімі праблемамі сутыкаюцца бізнесы ў Беларусі і пасля рэлакацыі, і як можна дапамагчы.
На адкрыцці выступіла Святлана Ціханоўская. З прамовай да ўдзельнікаў звернуцца таксама сябры эканамічнай каманды лідаркі Алесь Аляхновіч, Яўген Буры, Ірына Сазановіч і Мікалай Пракоф’еў.
Ціханоўская падчас выступу звярнула ўвагу на пераслед беларускіх бізнесоўцаў па палітычных матывах.
«У Беларусі нярэдкія выпадкі, калі беларускіх бізнесоўцаў саджаюць па надуманых абвінавачаннях, а потым патрабуюць велізарнага хабару. Яны не прызнаныя палітвязнямі, бо іх пераследуюць паводле эканамічных прычынах», – перадае словы беларускай лідаркі «Радыё Свабода».
Ціханоўская таксама адзначыла, што чакаецца пагаршэнне сітуацыі, бо «дзяржаўны доўг вельмі высокі, а стаўка рэфінансавання вельмі нізкая». Паводле Ціханоўскай, ужо ў блізкай будучыні шмат якія беларускія кампаніі будуць зачыненыя, бізнесоўцы будуць вымушаныя бегчы, каб ня трапіць у турму, таму важна цяпер думаць, як абараніць беларускі бізнес.
Сярод беларускіх спікераў і гасцей – прадпрымальнікі і менеджары Кірыл Валошын, Павал Лібер, Вадзім Пракоп’еў, Натальля Красько, эканамісты Сяргей Чалы, Павал Данэйка, Серж Наўродзкі, адвакат Ілля Салей ды іншыя.
Сярод дыпламатаў, прадстаўнікоў уладаў і бізнесу – кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дытль, камісар Еўракамісіі па добрасуседстве і пашырэнні Мацей Папоўскі, кіраўнік дыпламатычнай місіі Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль, віцэ-прэзідэнт Саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы Марцін Навацкі і іншыя.
ГГ belsat.eu