Чаму завісла лукашэнкаўская амністыя і ці варта яе чакаць?


Маштабнай амністыі, пра рыхтаванне якой улады заявілі ў пачатку верасня, дасюль не прынялі. Belsat.eu разбіраўся, чаму законапраекту не ўхвалілі і што азначае вызваленне некалькіх палітычных вязняў, якіх на мінулым тыдні таемна памілаваў Аляксандр Лукашэнка.

Акция солидарности с политзаключёнными в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дом і праваабарончы цэнтр «Вясна» зладзілі ў польскай сталіцы акцыю салідарнасці з палітычнымі вязнямі. Варшава, Польшча. 10 снежня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Пра амністыю да так званага Дня народнага адзінства заявілі на нарадзе 6 верасня. Лукашэнка тады казаў, што «ёсць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова», але «бандыты і экстрэмісты» не з гэтай серыі (нагадаем, слова «экстрэмізм» улады выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў ды іншадумства).

Генеральны пракурор Андрэй Швед у сваю чаргу заявіў, што пад амністыю могуць трапіць 8 тысячаў чалавек. Таксама ён распавёў, што асуджаныя паводле палітычных справаў могуць выйсці на свабоду праз інстытут памілавання:

«Але толькі тыя, хто раскаяўся, усвядоміў і лічыць магчымым звярнуцца да прэзідэнта з просьбай аб памілаванні».

Такім чынам, улады заявілі пра намер выкарыстоўваць адразу два механізмы вызвалення вязняў: амністыя і памілаванне. Адначасова яны далі зразумець, што адносна палітзняволеных будзе ўжывацца найперш працэдура памілавання. 

Даведка
Амністыя прадугледжвае прыняцце закону, які мусяць спачатку ўхваліць заканадаўчыя органы (Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі), пасля чаго ён трапіць на стол да Аляксандра Лукашэнкі. У законе прапісваюцца катэгорыі зняволеных, якія могуць быць амніставаная, але персанальна лёс кожнага канкрэтнага чалавека вызначаецца на месцах, індывідуальна. Што датычыць памілавання, то для гэтага асобны закон прымаць не трэба, дастаткова ўказу Лукашэнкі. Памілаванне, у адрозненне ад амністыі, персаніфікаванае з самога пачатку: яго выкарыстоўваюць не да пэўных катэгорыяў вязняў, а да канкрэтных асобаў.

Сакрэтнае памілаванне

У так званы Дзень народнага адзінства не адбылося нічога: ні амністыі, ні памілавання. У сваёй прамове на праўладным форуме «Гэта нашая гісторыя» 17 верасня Лукашэнка нават не ўспомніў пра гэта.

Аднак тэмы не знялі з парадку дня. 19 верасня, напярэдадні пачатку восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў, спікер Уладзімір Андрэйчанка распавёў, што чакаецца перадача ў парламент Закону аб амністыі. Праўладны спікер Юрый Васкрасенскі, ад імя якога летась палітвязням рассылаліся прапановы напісаць прашэнне аб памілаванні, 20 верасня ў эфіры СТВ заявіў, што амністыя ў Беларусі не адмяняецца, «усё будзе», але спачатку трэба прайсці праз усе неабходныя працэдуры. І дадаў, што амністыя закране на 90 % «звычайных людзей» (пад «незвычайнымі» 10 % ён, імаверна, меў на ўвазе палітычных вязняў).

Аналітыка
Як генпракурор запярэчыў Лукашэнку. Або што хаваецца за абяцанай амністыяй і каго яна закране
2022.09.06 17:35

Паралельна сталі з’яўляцца звесткі пра вызваленне некаторых палітзняволеных. 21 верасня на свабоду выйшлі журналіст радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч (быў асуджаны да 1,5 года зняволення) і пенсіянерка Галіна Міхальчук (2,5 года). Як высветлілася, іх памілаваў Лукашэнка. Імаверна, была таксама памілаваная праваабаронца Таццяна Ласіца (2,5 года), пра вызваленне якой стала вядома 24 верасня.

Характэрнаю рысай усіх трох выпадкаў была іх сакрэтнасць. Памілаванне 13 палітычных вязняў напярэдадні «Дня народнага адзінства» ў 2021 годзе і чатырох палітзняволеных сёлета 8 сакавіка дзяржаўная прапаганда актыўна рэкламавалі як «асаблівы акт гуманізму». Вызваленых з гомельскай калоніі палітзняволеных жанчын тады сустракала здымачныя група дзяржаўнага тэлебачання. Цяпер дзяржаўныя выданні пра «акт гуманізму» Лукашэнкі не распавядалі наагул. Дый самі палітвязні выходзілі вельмі ціха. Пра вызваленне Груздзіловіча стала вядома толькі тады, калі той выехаў у Вільню – прычым зрабіў ён гэта адразу, у дзень выхаду з калоніі. У даведцы аб вызваленні, якую Груздзіловіч паказаў калегам, пазначана, што ён выйшаў на свабоду на падставе ўказу Лукашэнкі № 327 ад 19 верасня. У адкрытым доступе гэтага ўказу няма.

Сакрэтнасць вызвалення Алега Груздзіловіча больш нагадвае аналагічнае вызваленне палітзняволенай Наталлі Хершэ, якое сталася вынікам таемных перамоваў уладаў Швейцарыі ды афіцыйнага Менску. Пра памілаванне Хершэ таксама не распавядалі дзяржаўныя медыі, яе таксама адразу пасля выхаду з турмы вывезлі з краіны. Хершэ, праўда, зусім не пісала прашэння аб памілаванні, а Груздзіловіч пісаў, але без прызнання віны.

Алег Груздзіловіч да і пасля зняволення. Калаж з фота: Радыё Свабода – Беларусь / Telegram

Увечары 25 верасня прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту Нэд Прайс заявіў, што ЗША вітаюць вызваленне з беларускіх турмаў некалькіх палітычных вязняў, у тым ліку Алега Груздзіловіча. Але ў Дзярждэпартаменце падкрэслілі: яны па-ранейшаму патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў.

Выступ у Хатыні

На тэму палітычных вязняў Лукашэнка зноў выказаўся 23 верасня падчас наведвання Хатыні, заявіўшы, што «не гандлюе людзьмі», але пры гэтым дадаў, што «нельга быць дубаватымі», і «там, дзе можна пайсці на кампраміс нейкі, трэба ісці», бо ёсць людзі, «якія сапраўды заблудныя былі».

Лукашэнка заявіў, што прашэнняў аб памілаванні дастаткова, а што датычыць амністыі, то па гэтай працэдуры «выйдуць адзінкі» [палітычных]. Ён запэўніваў сваіх прыхільнікаў, што не збіраецца ўсіх адпускаць з турмаў, «нават калі за гэтым будзе нейкая выгада для краіны». Але адзначыў, што з тымі, хто яго не падтрымлівае, таксама трэба працаваць, і «тут мусіць быць вельмі тонкі падыход».

«Таму, калі вы бачыце, што я дзесьці адпусціў штосьці, нейкія лейцы, яшчэ нешта, вы не павінны думаць, што я тут ужо гандлююся вашымі меркаваннямі», – заявіў ён, звяртаючыся да прапагандыстаў.

Такім чынам, у Хатыні Лукашэнка фактычна даў зразумець, што пытанне аб памілаванні ды амністыі застаецца на парадку дня. Пры гэтым падобна на тое, што Лукашэнка нібыта хацеў супакоіць сваіх прыхільнікаў на той выпадак, калі ягоныя далейшыя крокі пададуцца ім замоцным паслабленнем. Такая размова наўрад ці мела б сэнс, калі пытанне стаяла выключна пра вызваленне адзінак.

Каментар
Праваабаронца: Не дам і 1 %, што хтосьці з палітвязняў падпадзе пад лукашэнкаўскую амністыю
2022.09.06 14:39

Кулуарныя перамовы

Заявы Лукашэнкі ў Хатыні супалі з візітам кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея ў Нью-Ёрк. Макей 25 верасня распавёў, што падчас сесіі Генеральнай асамблеі ААН ён правёў 10 кулуарных сустрэчаў, у тым ліку з прадстаўнікамі Еўразвязу і ЗША: «Яны прасілі захаваць канфідэнцыйны фармат нашых размоваў». Макей адзначыў, што «ёсць вельмі добрыя, канкрэтныя пазітыўныя дамоўленасці адносна будучых перспектываў», і выказаў упэўненасць, «што гэтыя сустрэчы ў канчатковым выніку дадуць свой плён».

Кулуарныя перамовы Макея пракаментаваў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Паводле яго, Макей на гэтых сустрэчах прапаноўваў заходнім палітыкам «перагарнуць старонку». Міністр казаў, што трэба ратаваць Лукашэнку ад Расеі, прасіў зняць санкцыі з калійнай галіны і абяцаў павольна вызваляць палітычных вязняў пры ўмове, што не будзе ціску. Макей заявіў, што нібыта ўжо 35 палітвязняў вызваленыя, хаця ў праваабаронцаў такой інфармацыі няма. Дарадца Ціханоўскай мяркуе, што, мабыць, гаворка пра тых, у каго скончыліся тэрміны.

Политзаключенные в Беларуси, Музей свободной Беларуси, Варшава, Польша
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Імёны палiтвязняў у Музеi вольнай Беларусi. Варшава, Польшча. 13 жнiўня 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Паводле інфармацыі кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, якую ён агучыў у эфіры «Белсату», Лукашэнка ставіць на гандаль з ЕЗ пытанне пра вызваленні некалькіх сотняў палітвязняў. Вызваленне Алега Груздзіловіча якраз сталася вынікам таемных перамоваў паміж Вашынгтонам і афіцыйным Менскам.

Пры гэтым сталы амерыканскі прадстаўнік у АБСЕ Майкл Карпэнтэр у інтэрв’ю «Белсату» запэўніў, што гандлю палітвязнямі не ідзе ды цяпер няма нават падмурку для дыялогу між краінамі Захаду і рэжымам Лукашэнкі. «Гэта не сітуацыя гандлю, гэта прынцыповая пазіцыя ЗША: палітычныя вязні мусяць быць вызваленыя», – заявіў ён.

Аб’ектыў
Амерыканскі дыпламат: «Палітычныя вязні мусяць быць вызваленыя»
2022.09.26 22:07

Спроба № 2

Так ці інакш жаданне афіцыйнага Менску распачаць перамовы пра нармалізацыю стасункаў з Захадам і зняцце санкцыяў не выклікае сумневаў.

Аналітыка
Як рэжым Лукашэнкі спрабуе памірыцца з Захадам
2022.05.24 20:14

Гэта не першая такая спроба ў 2022 годзе. У красавіку Макей накіраваў еўрапейскім дыпламатам ліст, у якім заклікаў Еўразвяз да дыялогу. Незадоўга да гэтага, у сакавіку, на свабоду выйшлі шасцёра фігурантаў «справы TUT.by», а старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анджэліку Борыс перавялі са следчага ізалятару на хатні арышт.

Неўзабаве пасля публікацыі ліста Макея з’явіліся чуткі пра нейкія таемныя перамовы пра змякчэнне санкцыяў, якія нібыта вёў экс-міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Умовы ўгоды, якая быццам тады абмяркоўвалася (факту перамоваў з удзелам Мартынава дасюль не пацвердзілі), вельмі нагадвае тое, пра што цяпер кажуць Латушка і Вячорка: вызваленне некалькіх сотняў палітвязняў у абмен на аднаўленне калійнага транзіту праз порт Клайпеды.

Што датычыць красавіцкага ліста Макея, то публічнай рэакцыі Бруселю на яго не было. Аднак факт таго, што канфідэнцыйны дакумент трапіў у медыі, сведчыць пра тое, што еўрапейскія дыпламаты тады скептычна паставіліся да звароту і не ўбачылі ў гэтай ініцыятыве перспектываў.

Ці гатовы Захад гандлявацца з Лукашэнкам і на якіх умовах – пытанне адкрытае. Але цяпер прынамсі няма сумневаў у самім факце кулуарных сустрэчаў прадстаўнікоў рэжыму з заходнімі дыпламатамі. Лёс лукашэнкаўскай амністыі або новай акцыі памілавання, імаверна, наўпрост звязаны са здольнасцю афіцыйнага Менску выгандляваць сабе нешта ўзамен. Завісанне Закону аб амністыі (дасюль няма звестак, ці перадалі яго ў Палату прадстаўнікоў) сведчыць пра тое, што прынамсі пакуль лукашэнкаўскія дыпламаты сваіх мэтаў не дасягнулі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў