Польшча можа закрыць усе памежныя пераходы з Беларуссю, але чакае вызвалення Пачобута


Пасля таго, як большасць памежных пераходаў прыпынілі дзейнасць, Польшча чакае пэўных сігналаў з боку Беларусі. Паводле намесніка міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Мацея Вонсіка, такім сігналам можа стаць вызваленне Анджэя Пачобута, заявіў палітык у эфіры польскага радыё «Trójkа».

Намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік заявіў, што Польшча не можа без рэакцыі сачыць за тым, што рэжым Лукашэнкі знішчае могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, што робіць з польскай нацыянальнай меншасцю.

«Польшча гатовая да розных сітуацыяў, і я б не выключаў сітуацыі, што ў нас не будзе руху праз мяжу з Беларуссю. Мы гатовыя і нацэленыя на далейшыя дзеянні, у той жа час паглядзім, як будзе паводзіць сябе беларускі бок. Мы чакаем пэўных сігналаў, і перш за ўсё хочам, каб вольны стаў Пачобут, гэта відавочна», – заявіў намеснік міністра.

Мацей Вонсік кажа, што Польшча чакае вызвалення ў тым ліку і кіраўніцы Саюзу палякаў Анжаліку Борыс. Таксама Варшава падтрыманнем з боку Менску расейскай агрэсіі супраць Украіны. Дзеля гэтага цяпер Польшча ўзводзіць дадатковыя ўмацаванні на памежных пераходах з Расеяй і Беларуссю.

10 лютага Польшча прыпыніла рух на памежным пераходзе Баброўнікі. З 21 лютага Варшава пастанавіла абмежаваць рух беларускіх грузавых аўтамабіляў на пагранічным пераходзе Кукурыкі-Казловічы. Пасля гэтага не раз прагучала, што Польшча можа прыпыніць рух і праз іншыя памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў