Эканаміст Сяргей Чалы: У панядзелак у Расеі будзе паніка і набегі на банкі


Ці варта чакаць вялікіх сюрпрызаў у абменніках і на біржах валют пасля таго, як Захад абвясціў, што замарожвае рэзервы Цэнтральнага банку Расеі? Эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што расейскі рубель асуджаны на свабоднае падзенне. Пра гэта ён сказаў у прамым эфіры студыі «Белсату».

«Я не ведаю што будзе ў Беларусі, але думаю, што ў Расеі будзе сапраўдная паніка і набегі на банкі. Што будзе з курсам расейскага рубля – прадказаць дастаткова складана», – сказаў Сяргей Чалы.

Па ягоных словах, рынак яшчэ існаваў у пятніцу 25 лютага, калі была рэакцыя на санкцыі, абвешчаныя Байдэнам. Яны аказаліся не настолькі страшнымі, як чакалі рынкі, бо плацяжы за энергатавары былі выключаныя з рэжыму санкцыяў. Курс рубля адыграў назад, хоць узлятаў да гэтага да гістарычнага максімуму, і рынкі ўздыхнулі з палёгкай.

«А тое, што было абвешчана за апошнія дні, найперш – сакцыі супраць Цэнтрбанку – гэта цалкам беспрэцэдэнтна. Ніколі такія санкцыі не абвяшчаліся ў дачыненні цэлай краіны, хіба для нейкіх ізгояў. І гэта адразу пазбаўляе Цэнтрбанк назапашанага, пазбаўляе «падушкі бяспекі», якая была на выпадак акурат такой панікі. Расея насамрэч рыхтавалася да гэтай вайны і назапашвала рэзервы. І роўна ў той момант, калі яны могуць спатрэбіцца – яны будуць цяпер недаступныя», – тлумачыць Чалы.

Ён кажа, што ў Цэнтрбанку яшчэ застаюцца залатыя рахункі, зліткі і манеты, але іх хутка ў гатоўку не перавядзеш і не зможаш чыніць інтэрвенцыі, каб гасіць паніку. Ёсць яшчэ сродкі ў валюце, адрозных ад краін ЕЗ і ЗША (нейкая доля ў юанях), але ці ўдасца іх у штосьці канвертаваць дастаткова хутка, вялікае пытанне.

«Гэта азначае, што будзе проста свабоднае падзенне рубля. І на якім узроўні расейскі рубель спыніцца – можна толькі здагадвацца. Лічбы якія мы зараз можам пабачыць у інтэрнэце ў абменніках – 120-150 руб. (на 22.00 па Маскве). Я баюся, што нейкіх нармальных рыначных механізмаў напэўна ўжо не засталося», – выказаў меркаванне эканаміст Сяргей Чалы.

Еўразвяз, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада прынялі 27 лютага рашэнне замарозіць рэзервы Банку Расеі.

Hавiны
Што прадугледжваюць санкцыі ЕЗ супраць Расеі
2022.02.26 12:17

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў