«Выходзіць нейкае свінства». Эксперты падлічылі, як заняпала сельская гаспадарка Беларусі


Эксперты праекту «Нашы грошы» паглядзелі, як развівалася сельская гаспадарка Беларусі ў гады незалежнасці, пераважная большасць якіх прыпала на кіраванне Аляксандра Лукашэнкі. Але выявілася, што ніякага развіцця практычна і не было.

Свінні на ферме.
Фота: kirovsk.gov.by

«Мы вырашылі параўнаць паказнікі сучаснай беларускай аграрнай галіны з тымі, што былі ў далёкім 1991 годзе. Пункт адліку выбралі не выпадкова, бо адзін з асноўных наратываў улады гучыць так: «Мы захавалі, што было пры Савецкім Саюзе». Апусцім лагічнае пытанне «Чаму за 30 гадоў не прымножылі?» і паспрабуем высветліць, ці так шмат удалося захаваць пасля распаду СССР», – гаворыцца ў аналізе «Нашых грошай».

Гэтак, у жывёлагадоўлі пагалоўе істотна скарацілася. Буйной рагатай жывёлы ў 1991 годзе налічвалася 6,9 млн, а ў 2023 – усяго 4,2 млн. Авечкагадоўля здзьмулася практычна ў чатыры разы, з 403 тыс. да 79 тыс. Свіней стала менш удвая: было 5 млн, а стала 2,5 млн. Толькі курэй стала трохі больш: было 50,6 млн галоў, а стала 52,8 млн.

«Выходзіць нейкае свінства. Усёй краінай, на працягу дзесяцігоддзяў, мы падтрымлівалі сельскую гаспадарку, а ў выніку атрымалі значнае падзенне літаральна ва ўсіх напрамках жывёлагадоўлі. Невялікі рост курынага пагалоўя можна лічыць кампенсаторным – людзям усё ж трэба есці, прыйшлося выкручвацца, замяняючы дарагое мяса на таннае», – заявілі эксперты.

І дадалі: нават з улікам скарачэння насельніцтва Беларусі «падзенне абсалютна непрапарцыйнае». Пры гэтым 30 гадоў таму немалую долю вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі бралі на сябе прыватныя падворкі.

«З гэтага часу адбыўся значны адток жыхароў вёскі ў гарады, дзяржава паспрабавала ўзяць на сябе функцыю вытворцы, але відавочна, што з гэтай задачай яна не справілася. І, зноў жа, відаць, што, спрабуючы «выруліць», урад накіроўвае намаганні ў першую чаргу на вытворчасць максімальна таннага і простага курынага мяса», – гаворыцца ў аналізе.

Прагрэс у раслінаводстве, але невялікі

У раслінаводстве ў статыстыцы ёсць пэўны прагрэс: у 1991 годзе Беларусь вырошчвала 6296 тыс. т збожжавых і зернебабовых, а ў 2023 – 8701 тыс. т. Але, нягледзячы на рост ураджайнасці, «далёка не ўсё гэта збожжа – высокай якасці, значная яго частка ідзе не на вытворчасць хлеба, а на камбікармы». А для вытворчасці мукі збожжа даводзіцца купляць за мяжой.

Пры гэтым больш чым удвая ўпала вытворчасць бульбы: у 1991 годзе Беларусь вырабіла 8958 тыс. т бульбы, а ў 2023 годзе – толькі 3857 тыс. т.

Тым не менш, заўважны рост у гародніне (было 918 тыс. т, а стала 2861 тыс. т) і ягадах (з 311 тыс. т у 1991 годзе да 820 тыс. т у 2023). Але «збольшага гэта змушаны рост, бо пасля развалу СССР Беларусі прыйшлося самастойна закрываць патрэбу ў шмат якой гародніне і садавіне, якія раней завозіліся з іншых рэспублік» СССР.

Эксперты таксама адзначылі, што сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у Беларусі – толькі 33 цэнтнеры з гектара. У суседняй Літве гэты паказнік значна вышэйшы – 45 ц/га, у Даніі – 75 ц/га, а ў Ірландыі – 100 ц/га.

«Сфера сельскай гаспадаркі ўсюды датацыйная, але відавочна, што калі асноўны гулец у ёй – прыватнік, вынік значна вышэйшы. Аказваецца, што дастаткова проста стварыць нармальныя ўмовы для развіцця фермераў, і тады не патрабуецца праводзіць бясконцыя аблавы сіламі органаў кантролю і арганізоўваць паказальную і зневажальную «лупцоўку» кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў перад усёй краінай ды палохаць «прыгонам» рабочых на вёсцы», – зрабілі выснову эканамісты.

Hавiны
«Гэта ўжо не карова!» Лукашэнка абвясціў «жалезную дысцыпліну» ў кароўніках і на свінафермах Беларусі
2023.09.22 17:41

Аляксандр Лукашэнка 22 верасня выступіў у Салігорску на нарадзе ў справе развіцця жывёлагадоўлі. І зноў – у ролі эксперта ў свінагадоўлі і вытворчасці малака. Ён заявіў, што мае рэцэпт, як зарабляць на харчаванні больш, і паабяцаў распусціць урад, калі міністры не знойдуць кароў, якіх не стае на ўкамплектаванне ўсіх наяўных «жывёла-месцаў».

Паводле Лукашэнкі, летась Беларусь зарабіла на харчаванні больш як $ 8 млрд, а за восем месяцаў 2023 года – больш як $ 4 млрд. Самапрызначаны кіраўнік дзяржавы заявіў, што трэба зарабляць больш, а для гэтага «жыццёва неабходна ўзняць сельскую гаспадарку на новы ўзровень». Як гэта зрабіць? «Жалезнаю дысцыплінаю, – прыгразіў ён. – Дэвізам у аграпрамысловым комплексе адсюль станецца жалезная бясспрэчная дысцыпліна. Працоўная, фінансавая і тэхналагічная».

Hавiны
«Ніводнага трактара на полі няма». Лукашэнка ўчыніў разнос сваім чыноўнікам з-за праблемаў у сельскай гаспадарцы
2022.08.05 15:48

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў