У Пераходным кабінеце пракаментавалі звесткі пра «бан» Беларусі на просьбу Украіны


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валерый Кавалеўскі пракаментаваў «Белсату» звесткі пра тое, што Украіна блакуе ўдзел Святланы Ціханоўскай у супольных з еўрапейцамі мерапрыемствах. Такую інфармацыю распаўсюдзіла «Наша ніва» са спасылкаю на неназваных еўрапейскіх дыпламатаў.

Валерый Кавалеўскі на прэс-канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле крыніцаў «Нашай нівы», апошнім часам Украіна паслядоўна блакуе ўдзел абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, а таксама прадстаўнікоў беларускага грамадства ў супольных з еўрапейцамі мерапрыемствах.

«Украінцы блакуюць удзел беларусаў – не толькі Ціханоўскай – паўсюль, дзе могуць, гэта праўда», – заявіла крыніца выдання.

У якасці пацверджання газета ўказала на незапрашэнне Ціханоўскай на сёлетні саміт Люблінскага трыкутніка, а таксама на фармат урачыстасцяў у Варшаве з нагоды 160-годдзя пачатку паўстання Каліноўскага: абранай прэзідэнтцы не далі слова, не было вянка ад Беларусі.

Гэтую публікацыю «Белсату» пракаментаваў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валерый Кавалеўскі. Ён заявіў, што сцэнар цырымоніі ў Варшаве сапраўды быў зменены.

«Калі мы рыхтавалі візіт, то ў нас была інфармацыя пра тое, што ёсць апазіцыя да прамовы Святланы Ціханоўскай, прысутнасці беларускага сцяга і прысутнасці беларускага вянка. Было відавочна, што была змена сцэнара, які планаваўся спачатку».

Кавалеўскі пры гэтым не ўдакладніў, хто выступіў супраць прамовы Ціханоўскай, але адзначыў, што важны і такі фармат ейнага ўдзелу ва ўрачыстасцях.

«Было важна прысутнічаць у гэтым месцы, якое тычыцца гісторыі Беларусі. І там прысутнічала Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінет, і там было вельмі шмат беларусаў, што было самае каштоўнае і важнае. Важна, што на мерапрыемстве былі беларускія сцягі, іх было болей за ўсіх. Пасля беларускі вянок прынесла беларуская дыяспара. То бок усё-ткі праўда знайшла сабе дарогу», – сказаў дыпламат.

Фота
Беларусы Варшавы ўсклалі кветкі ў гонар паўстанцаў Каліноўскага
2023.01.24 20:32

Валерый Кавалеўскі паведаміў, што пасля цырымоніі выказаў амбасадару Украіны ў Польшчы пратэст праз тое, што Уладзімір Зяленскі не згадаў Беларусь у заяве, прысвечанай паўстанню Каліноўскага.

«Я звярнуў увагу на недарэчнасць таго, што адсутнічала згадванне беларусаў – фактычна асноўнай сілы ў гэтым паўстанні. Спадар амбасадар прыняў гэтую інфармацыю, заўвагі ён ніяк не пракаментаваў. Як прафесійны дыпламат ён гэтую інфармацыю давядзе да Кіева, да свайго МЗС. Дый грамадская рэакцыя досыць выразная. На гэтым этапе гэта больш чым дастаткова і заўважна для ўкраінскага боку».

Прадстаўнік Кабінету пры гэтым падкрэсліў, што «няпамятлівасць» Зяленскага ніяк не паўплывае на падтрыманне Украіны ў вайне з Расеяй, хаця і перапісваць гісторыю такім чынам нельга ні ў якім разе.

«Мы звярнулі ўвагу на гэты эпізод, але гэты эпізод не будзе вызначаць нашых адносінаў і тым больш не будзе вызначаць нашага падтрымання ўкраінскага народу на гэтым этапе, калі яны абараняюць сваю Радзіму. Мы будзем іх падтрымліваць, бо яны змагаюцца за сваю і за нашу свабоду», – заўважыў суразмоўца «Белсату».

Беларусы ўсклалі вянок да 160-й гадавіны паўстання Кастуся Каліноўскага. Варшава, Польшча. 24 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Што да незапрашэння Ціханоўскай на сёлетні саміт Люблінскага трыкутніка, то Беларусь у гэтай ініцыятыве ніяк не зафіксаваная, таму і ўдзел абранай прэзідэнткі не мусіць быць абавязковым. Запрашэнне Ціханоўскай на сустрэчу пазалетась «было сітуацыйным», сказаў Кавалеўскі.

«Мы падкрэсліваем, што хочам удзельнічаць у гэтай ініцыятыве, але пакуль да гэтага не дайшло. Таму я б не разглядаў адсутнасць запрашэння сёлета як нейкую прыкмету асаблівага стаўлення да Святланы Ціханоўскай асабіста ці да Беларусі ўвогуле».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету таксама пракаментаваў публікацыі пра тое, што ўлады Украіны таемна вядуць перамовы з афіцыйным Менскам, каб пазбегнуць новага ўварвання расейскай арміі з беларускай тэрыторыі. Менавіта дзеля гэтага, як паведамлялася, Кіеў нібыта заблакаваў новыя санкцыі супраць Беларусі.

«Мы разумеем, што Украіна вельмі не хацела б стварыць нейкіх умоваў, якія маглі б справакаваць новае ўварванне з тэрыторыі Беларусі. Але ж калі было першае ўварванне, ніякай правакацыі не трэба было: проста Пуцін захацеў гэта зрабіць, сказаў пра гэта Лукашэнку, той яго падтрымаў – і пачалася вайна. Калі трэба будзе зрабіць гэта другі раз, ізноў жа не трэба будзе ніякіх правакацыяў, будзе дастаткова жадання Пуціна, і Лукашэнка нікога не спыніць. Ёсць вялікая небяспека, што зноў будзе падман, ізноў будзе здрада, ізноў будзе ілюзія, якая не спраўдзіцца», – падсумаваў Валерый Кавалеўскі.

Інфармацыю пра блакаванне Украінай беларускіх дэлегацыяў таксама пракаментавалі ў ЕЗ. Прэс-сакратар Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стана назваў гэтыя звесткі чуткамі.

«Мы не каментуем здагадак і чутак у медыях. У нас ёсць рэгулярныя ўзаемадзеянні з нашымі беларускімі партнёрамі, у тым ліку са спадарыняй Святланай», – заявіў Пэтэр Стана «Белсату».

Разбор
Зразумець нельга крыўдзіцца. Зяленскі забыў Беларусь у заяве пра паўстанне Каліноўскага
2023.01.24 20:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў