Вальфовіч заявіў, што ў выпадку вайны Беларусь мабілізуе да 1,5 мільёна чалавек


Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч у інтэрвʼю «Беларусь 1» распавёў, што будзе адбывацца ў выпадку абвяшчэння ваеннага становішча і як будзе функцыянаваць «народнае апалчэнне».

«Калі ўзяць па колькасці вайсковыя арганізацыі дзяржавы (можа быць, раскрою некаторыя сакрэтныя звесткі), структуры вайсковай арганізацыі дзяржавы, не Узброеных сілаў, складуць недзе да 1,5 млн чалавек у выпадку абвяшчэння ваеннага становішча і пераводу эканомікі на ваенныя рэйкі», – паведаміў ён.

Вольфавіч дадаў, што колькасць насельніцтва ў Беларусі звыш 9 млн, «таму астатнія 8 млн, вядома ж, будуць працаваць на прамысловасці, вучыць, лячыць, вырошчваць хлеб».

«Але акрамя гэтага для аказання дапамогі, перш за ўсё органам Міністэрства ўнутраных справаў на месцах, для абароны грамадскага парадку, для барацьбы з бандытызмам на месцах, спынення марадзёрства, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі, якія будуць выходзіць у тыя ці іншыя рэгіёны мясцовасці, прызначана народнае апалчэнне».

Адказнасць за фармаванне атрадаў «народнага апалчэння» ўскладзена на мясцовыя органы ўлады, а непасрэдна кіраваць атрадамі «апалчэнцаў» будуць тэрытарыяльныя органы МУС. «Гэта будзе структура, якая будзе аказваць міліцыі на месцах дапамогу ў выкананні задач грамадскага парадку і іншых задач у адпаведнасці з ваенным становішчам», – дадаў Вальфовіч.

Вальфовіч падкрэсліў, што «народнае апалчэнне» будзе выключна добраахвотным. Прычым «апалчэнцы» працягнуць хадзіць на працу, а абараняць радзіму яны будуць у свой вольны час.

«Ім будзе выдадзена стралковая зброя. Зброя будзе захоўвацца пры іх. Пражываць яны будуць і харчавацца дома. Гэта магчымасць узаконіць жаданне грамадзяніна засцерагчы свой дом, сваё месца там, дзе ты жывеш, забяспечыць парадак сваёй сямʼі, сваім дзецям на месцах», – падкрэсліў ён.

Вальфовіч лічыць, што зброю трэба раздаваць усім, хто пажадае, у тым ліку жанчынам.

Аналітыка
Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара
2023.01.06 07:00

Раней намеснік начальніка факультэту Генеральнага штабу Узброеных сілаў Вайсковай акадэміі палкоўнік Андрэй Багадзель заявіў, што ў выпадку вайны ўсе вайсковыя арганізацыі дзяржавы могуць выставіць 1,5-2 мільёны байцоў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў