Ні магутнай авіяцыі, ні ПДВ, ні ракетаў. Ва Украіне распавялі пра войскі РФ у Беларусі


На тэрыторыі Беларусі прысутнічаюць амаль 6000 расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

«Сёння на тэрыторыі Беларусі сухапутны кампанент складае 5800 вайскоўцаў», – сказаў Скібіцкі.

Паводле яго, іншыя расейскія войскі былі перакінутыя з Беларусі ва Украіну.

«Гэта зусім іншы кантынгент, чым быў у пачатку агрэсіі. Там [у Беларусі. – Заўв. belsat.eu] няма магутнага авіяцыйнага кампаненту, нягледзячы на навучанне. Там няма магутнага ракетнага кампаненту. Там няма паветрана-дэсантных войскаў», – адзначыў Скібіцкі.

Ён заявіў, што сёння ў Беларусі ёсць адзін дывізіён «Іскандэр», зенітна-ракетныя сістэмы С-300, С-400 і тры самалёты МІГ-31.

16 студзеня ў Беларусі стартавалі чарговыя беларуска-расейскія вучэнні, якія будуць доўжыцца да лютага. Год таму акурат вучэнні на тэрыторыі Беларусі паслужылі прыкрыццём для перакідвання расейскіх войскаў, якія затым паспрабавалі «ўзяць Кіеў за тры дні».

Як адзначыў вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка, з Беларусі цяпер выводзяць нават тыя падраздзяленні расейскіх войскаў, якія некалькі месяцаў праходзілі навучанне на беларускіх палігонах і «якіх была недастатковая колькасць для фармавання ўдарнай групоўкі». Іх перакідваюць у Луганскую вобласць Украіны, «размазваючы тонкім слоем ад Старабільску да Слаўнага».

«Гэтыя падраздзяленні выкарыстоўваюцца перш за ўсё для таго, каб узмацніць групоўку на данбаскім плацдарме, а не для нейкіх наступальных дзеянняў. Замест іх завозяцца менш падрыхтаваныя, зусім сырыя падраздзяленні 6-й МСД шматпакутнага 3-га армейскага корпусу. Зноў-такі памяншэнне не толькі колькасці, але і наогул якасці саміх «мобікаў» [мабілізаваных. – Заўв. belsat.eu]», – распавёў Каваленка.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў