Адзін з лідараў расейскай апазіцыі Міхаіл Хадаркоўскі падтрымаў кіраўніка ПВК Вагнэр Яўгенія Прыгожына ў ягоным мяцяжы. Свае заявы зрабілі і кіраўнікі расейскіх добраахвотнікаў у складзе Збройных сілаў Украіны.
«Прыгожынскі мяцеж, нягледзячы на сваю палавінчатасць і непадрыхтаванасць – наймацнейшы ўдар па пуцінскай рэпутацыі», – заявіў Міхаіл Хадаркоўскі.
Паводле яго, у сваім выступе Яўгеній Прыгожын у сваім выступе «слова ў слова паўтарыў тое, што мы – антываенная апазіцыя гаворым з пачатку вайны: мэта вайны – крадзеж, афіцыйная прычына вайны (падрыхтоўка NATO да нападу на Расею) – туфта, у якую ніхто не верыць».
«Тое, чым зараз мы можам дапамагчы сваёй краіне – дапамагчы людзям пачуць Прыгожына, пакуль ён кажа праўду (жах, што я кажу!). А калі ён пойдзе на Маскву, перашкодзіць яго спыніць – дапамагаць з бензінам і салярай, пераконваць тых, каго пашлюць яго спыняць, што вораг у нас у цяпер агульны. Пераконваць словам і справай!» – сказаў Хадаркоўскі.
Ён дадаў, што «калі адзін злачынец гатовы перашкодзіць іншаму – не час круціць пысай – цяпер трэба дапамагчы, а потым, калі прыйдзецца, будзем дзерціся і з гэтым». Паводле яго, «гэта толькі пачатак».
Дзяніс Капусцін, лідар Расейскага добраахвотніцкага корпусу ў складзе Збройных сілаў Украіны, адзначыў, што нягледзячы на «розны бок барыкад», ён можа назваць Прыгожына «патрыётам Расеі, без сарказму і іроніі».
«Напружанне ў вышэйшых эшалонах улады РФ расло, санкцыі і няўдачы на фронце ўзмацнілі працэсы «гніення і распаду». І вось мы маем: амбітнага, раззлаванага, папулярнага ў народзе і вайсковым асяроддзі патрыёта, які валодае ўласнай прыватнай арміяй; дэмаралізаванае зацягнутай крывавай вайной насельніцтва і невыразную палітычную ўладу. Рыхтуймася!» – заключыў Капусцін.
Са сваім зваротам выступіў і кіраўнік Легіёну «Свабода Расеі» Цэзар, які параўнаў мяцеж з падзеямі Грамадзянскай вайны ў Расеі ў 1917-1922 гадах.
«Яўген Прыгожын, сам выхадзец з пуцінскай наменклатуры, вырашыў, што надышоў яго час згуляць сваю ўласную гульню, балазе ягоны «аркестр» заўсёды напагатове. Мы ведаем, што ў яго шмат прыхільнікаў сярод насельніцтва Расеі і ў шэрагах сілавых структур. Мы ведаем, што ў Прыгожына вялікія палітычныя амбіцыі і яму надакучылі атлусцелыя генералы ў кабінетах, якія не ўмеюць ваяваць па-сапраўднаму. Мы ведаем, што калі ён пачне ўзброены мяцеж, то з вялікай верагоднасцю атрымае поспех», – сказаў Цэзар.
Аднак ён нагадаў, што Прыгожын з паплечнікамі «адразалі галовы людзям, забівалі сваіх людзей молатам цынічна здымаючы гэта на відэа і здзекаваліся з бяззбройных». А ягоная мэта – «бітва за кармушку і магчымасць і далей знішчаць і рабаваць народы».
«Мы, вольныя грамадзяне Расеі, не пакінем свой народ сам-насам з нявызначанасцю і страхам. Мы пакладзем канец вайне і вызвалім нашу Радзіму ад прагнілай сістэмы, чыёй бы яна ні была: пуцінскай ці прыгожынскай», – заключыў Цэзар.
Як і кіраўнік РДК, ён заклікаў сваіх паплечнікаў рыхтавацца, бо «Расея будзе свабоднай».
Якуб Хруст belsat.eu