Як будзе выглядаць апалчэнне Лукашэнкі. Разбіраем рэзанансны законапраект


Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў праект закону «Аб народным апалчэнні». Belsat.eu уважліва прачытаў тэкст дакументу і высветліў, што патрабаванні для набору ў апалчэнне вызначаны самыя мінімальныя, замежнікам уступаць у атрады не забараняецца, а дыслакавацца добраахвотнікі будуць па месцы жыхарства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Чым будзе займацца народнае апалчэнне і як фармавацца

Як адзначаецца ў дакуменце, асноўная задача народнага апалчэння – аказанне садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных справаў у выкананні імі паўнамоцтваў пры забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў.

Аналітыка
Распальванне грамадзянскай вайны? Навошта Лукашэнка стварае народнае апалчэнне
2023.03.07 14:14

Паводле законапраекту, народнае апалчэнне будзе стварацца толькі ў выпадку ўвядзення ваеннага становішча і толькі на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы. Адказнасць за фармаванне атрадаў народнага апалчэння ўскладзеная на мясцовыя органы ўлады, яны павінны вызначыць колькасць апалчэння з улікам наяўнасці добраахвотнікаў і пастаўленых задач. Непасрэднае кіраўніцтва атрадамі апалчэння будзе ажыццяўляць мясцовая міліцыя, кандыдатуры камандзіраў атрадаў будуць таксама ўзгадняцца з сілавікамі.

Поўнае падпарадкаванні апалчэння выканкамам і міліцыі – галоўная асаблівасць цяперашняга законапраекту. Рэч у тым, што найчасцей апалчэнне ствараюць дзеля дапамогі рэгулярнай арміі. Напрыклад, у сучасным Кітаі таксама існуе народнае апалчэнне, аднак яно ўваходзіць у склад узброеных сілаў і падпарадкоўваецца Генеральнаму штабу. А вось у Беларусі вайсковыя органы не будуць мець аніякага дачынення да кіраўніцтва атрадамі апалчэння, а ў фармаванні і падрыхтоўцы будуць выконваць толькі дапаможныя, тэхнічныя функцыі (напрыклад, выдадуць апалчэнцам зброю са складоў). Як раней адзначаў міністр абароны Віктар Хрэнін, у першую чаргу народнае апалчэнне ствараецца «дзеля падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахопленыя органамі ўнутраных справаў і войскамі».

Атрады апалчэння будуць выконваць задачы толькі ў межах сваёй адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі, максімум – могуць дапамагчы апалчэнцам суседняй тэрытарыяльнай адзінкі. Размяшчаць атрады апалчэнцаў разам у казармах ці нейкіх іншых памяшканнях не плануецца: кожны добраахвотнік будзе дыслакавацца па месцы жыхарства.

«Жыць яны будуць і харчавацца дома», – раней тлумачыў сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Зброю, мяркуючы з усяго, яны таксама будуць браць з сабой дадому. Паводле законапраекту, апалчэнец абавязаны «захоўваць і ўтрымліваць у пастаяннай гатовасці да выкарыстання даручаную яму зброю і боепрыпасы да яе».

У дакуменце асобна падкрэслена, што апалчэнне будзе фармавацца на прынцыпах добраахвотнасці. То бок сілком забіраць у атрады не плануецца. Пры гэтым удзел у апалчэнні не вызваляе грамадзяніна ад мабілізацыі ў войска і «спынення працоўных стасункаў». Мясцовы выканкам можа абавязаць прадпрыемства ці ўстанову вызваліць добраахвотніка ад працы для ўдзелу ў дзейнасці апалчэння. Аднак гэта не значыць, што пры залічэнні апалчэнца ў атрад ён аўтаматычна перастае працаваць.

Атрадам апалчэння выканкамы выдадуць адметныя знакі. Як яны будуць выглядаць – не ўдакладняецца.

Каго возьмуць у народнае апалчэнне

Раней міністр унутраных справаў Іван Кубракоў сцвярджаў, што «распрацаваны цэлы алгарытм, сістэма», паводле якога добраахвотнікам будзе выдавацца зброя.

«Кожны чалавек будзе правераны. І зброя проста так выдавацца не будзе. Будзе весціся, па-першае, улік, каму ўручаецца гэтая зброя. І той чалавек, якому зброя будзе ўручацца, вядома, мы яго праверым. Прыцягваўся ён раней да крымінальнай адказнасці, не прыцягваўся. То бок гэта будуць людзі, якія ўжо правераныя», – адзначыў міністр.

Віктар Хрэнін, у сваю чаргу, абяцаў, што спісы патэнцыйных добраахвотнікаў будуць падрыхтаваныя загадзя, у мірны час.

З улікам рэаліяў сучаснай Беларусі лагічна выказаць здагадку, што пад «праверанымі» грамадзянамі ў «падрыхтаваных спісах» у першую чаргу маюцца на ўвазе людзі, у лаяльнасці якіх улады не сумняюцца. Напэўна, крытэр лаяльнасці сапраўды будзе мець ключавое значэнне пры выдачы зброі. Аднак на ўзроўні закону ніякай палітычна матываванай дыскрымінацыі не прадугледжана (напрыклад, няма згадак пра «экстрэмісцкую дзейнасць»), а алгарытмы адбору ў дакуменце не прапісаныя зусім. Нічога не гаворыцца таксама пра загадзя складзеныя спісы.

Дэ-юрэ абмежаванні на ўступленне ў апалчэнні вызначаны самыя мінімальныя. Нават судзімасць у мінулым або адкрытая крымінальная справа (без меры стрымання) не ўключаныя ў спіс перашкодаў. Паводле дакументу, не возьмуць у апалчэнне толькі тых, хто ўжо адбывае пакаранне, знаходзіцца пад вартай або «хатнім арыштам», прызнаныя недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі, а таксама тыя, хто мае хваробу, пры наяўнасці якой супрацьпаказана валоданне зброяй.

Акрамя таго, у апалчэнне не возьмуць грамадзянаў, «у дачыненні якіх прынятае рашэнне аб інтэрнаванні». Гэта цікавы пункт. Паводле закону аб ваенным становішчы, інтэрнаванню падлягаюць грамадзяне замежных дзяржаваў, якія напалі на Беларусь. З улікам гэтага ўзнікае пытанне: ці значыць гэта, што іншыя замежныя грамадзяне тэарэтычна стаць апалчэнцамі могуць? Законапраект гэтага сапраўды не забараняе. Нідзе ў дакуменце не сказана, што апалчэнцам можа быць выключна грамадзянін Беларусі. Наадварот, у прэамбуле адзначаецца, што закон вызначае асновы рэалізацыі права на добраахвотны ўдзел у забеспячэнні ваеннага становішча для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Далей у арт. 1 гаворыцца, што добраахвотнік мусіць пастаянна або пераважна пражываць у раёне фармавання атраду. У арт. 8 падкрэсліваецца, што апалчэнне «камплектуецца добраахвотнікамі, здольнымі паводле сваіх асабістых якасцях, стану здароўя выконваць задачы, прадугледжаныя гэтым законам». То бок ніякіх удакладненняў наконт грамадзянства тут ізноў няма.

Таксама ў законапраекце не прапісана абмежаванняў узросце і полу апалчэнцаў.

Якія паўнамоцтвы атрымае апалчэнец

Апалчэнцы атрымаюць даволі вялікі спіс паўнамоцтваў падчас ваеннага становішча. Яны будуць мець права выкарыстоўваць фізічную сілу і зброю, затрымваць людзей, абмяжоўваць транспартны рух і даглядаць аўтамабілі, правяраць дакументы, аглядаць жылыя памяшканні і асабістыя рэчы. Як падкрэсліваецца ў дакуменце, апалчэнцы могуць атрымаць і іншыя правы, акрамя пералічаных (якія – не ўдакладняецца).

Права на выкарыстанне фізічнай сілы і зброі апалчэнцы атрымаюць у тых жа рамках, што і звычайныя вайскоўцы, якія ўдзельнічаюць у забеспячэнні вайсковага становішча. У тым ліку апалчэнец зможа адкрыць агонь, калі насуперак ягонаму загаду грамадзянін паспрабуе наблізіцца або дастаць што-небудзь з адзення, што можа быць вытлумачаны добраахвотнікам «як пагроза выкарыстання гвалту».

Паскардзіцца на дзеянні апалчэнца можна будзе ў мясцовы выканкам – то бок у орган, які нясе адказнасць за фармаванне атрадаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў