У Беларусі вырасце мінімальны заробак


З 1 студзеня 2024 года ў Беларусі вырасце мінімальны заробак. Павелічэнне складзе 13 %, аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з дэпутатамі беларускага парламенту. Таксама ён назваў сферы, якім у наступным годзе будзе надавацца асаблівая ўвага ў плане заробкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Для падтрымкі нізкааплатных катэгорый з пачатку года амаль на 15 адсоткаў павялічаная мінімальная заработная плата. На 2024 год (з 1 студзеня) МЗП плануецца павялічыць на 13 адсоткаў і ўстанавіць у памеры 626 рублёў», – адзначыў Раман Галоўчанка, выступаючы перад дэпутатамі.

Апошняе павышэнне мінімальнага заробку адбылося 1 студзеня 2023 года, тады яго памер быў замацаваны на ўзроўні 554 рублёў.

Таксама кіраўнік ураду паведаміў, што ў 2024 годзе ў зоне павышанай увагі так жа, як і сёлета, будуць заробкі прадстаўнікоў такіх прафесіяў, як настаўнікі, выхавальнікі, дактары, сярэдні медычны персанал, а таксама працаўнікі спартовай галіны, сацабслугоўвання і культуры.

Акрамя таго, беларускі прэм’ер адзначыў, што ў рэальным сектары эканомікі таксама рэалізуецца шэраг комплексных планавых мерапрыемстваў, каб падцягнуць заробак у адпаведнасці з ростам вытворчасці працы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў