Эканаміст: Спроба рэгуляваць кошты – папулісцкі крок, звязаны з уцягваннем краіны ў вайну ва Украіне


Улады Беларусі пастанавілі рэгуляваць кошты ў краіне. Дзеля гэтага Саўмін падпісаў пастанову, паводле якой вызначаецца механізм коштаўтварэння. Эксперты кампаніі «Кошт ураду» (Нашы грошы) кажуць, што гэтая захада – папулісцкі крок, які можа быць накіраваны на тое, каб адцягнуць увагу грамадзянаў краіны ад важных праблемаў не толькі ў эканоміцы.

Людзі набываюць гародніну ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Пастанова Саўміну, якая прадугледжвае рэгуляванне коштаў, створаная на загад Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ 6 кастрычніка падчас эканамічнай нарады ён жорстка запатрабаваў спыніць усякі рост коштаў у краіне. Але пасля з’яўлення дакументу Лукашэнка пачаў казаць, што ніколі не патрабаваў увесці мараторыю на рост коштаў у краіне. У любым выпадку, спробы ў ручным рэжыме спыніць рост коштаў, асабліва ва ўмовах, калі для высокай інфляцыі ёсць нямала прычынаў, вельмі сумнеўныя, кажуць «Белсату» эксперты кампаніі «Кошт ураду».

Паводле суразмоўцаў «Белсату», гэта далёка не першая спроба паспрачацца з законамі рынку, і, як і ўсе папярэднія, яе чакае аналагічны лёс – правал.

«Папулісцкія рашэнні, а гэтае рашэнне фактычна менавіта такое, працуюць на хуткі эфект. І ў кароткатэрміновай перспектыве інфляцыя можа запаволіцца. Бо ва ўмовах, калі за рост коштаў будуць заводзіць крымінальныя справы, а новы механізм павышэння кошту тавараў яшчэ толькі пачынае працаваць і напэўна не адладжаны, вытворцы і прадаўцы палічаць за лепшае часова несці страты, пазбавіцца прыбытку, паменшыць сваю прысутнасць на рынку або зусім прыпыніць дзейнасць. Па вялікім рахунку, часова. Ва ўсякім разе датуль, пакуль відавочная недарэчнасць ідэі не прывядзе да ўсведамлення неабходнасці вярнуць усё на свае месцы».

Hавiны
«Гаворкі пра татальнае, назаўсёды, замарожванне цэнаў не ішло». Што будзе з коштамі ў беларускіх крамах
2022.10.20 16:08

Пастанова Саўміну аб рэгуляванні коштаў прадугледжвае пераход да рэжыму дзяржкіравання коштамі адразу ў даволі шырокай наменклатуры тавараў. Спіс тавараў, якія будуць рэгуляваць, займае 11 старонак з 20 у дакуменце і складае каля 370 найменняў. І гэта накладвае вельмі высокія патрабаванні на абʼём і якасць працы для тых людзей, якім у дзяржструктурах гэтым давядзецца займацца, лічаць эканамісты.

«Ці ёсць там дастатковы абʼём кадраў з неабходнымі кампетэнцыямі, застаецца адкрытым пытаннем. Па-другое, гэта фактычна барацьба з наступствамі назапашаных у эканоміцы дысбалансаў замест вырашэння іх першапрычынаў. Акрамя таго, такое шырокамаштабнае кіраванне коштамі дае ў рукі службоўцаў у цэлым, і асабліва на месцах, вельмі шырокія паўнамоцтвы, фактычна пярсцёнак усеўладдзя над прыватным бізнесам – даваць ці не даваць магчымасць не проста расці бізнесу, а часта фактычна існаваць, бо пытанні коштаўтварэння найважнейшыя для бізнесу», – адзначаюць суразмоўцы «Белсату».

Крама ў Менску, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Як ужо казалі эксперты, рашэнне спачатку адмяніць рост коштаў, а затым даваць ім расці толькі праз сіта дзяржаўнага кіравання мае мала агульнага з эканамічнай неабходнасцю. З аднаго боку, гэта папулісцкі крок, звязаны, верагодна, з усведамленнем росту незадаволенасці народу тэмпамі росту інфляцыі.

«З іншага боку, гэта крок, які можа быць накіраваны на адцягненне ўвагі ад больш сурʼёзных праблемаў, звязаных з усё большым уцягваннем краіны ў канфлікт ва Украіне на баку агрэсара. Акрамя таго, такі крок задзейнічае вялізную колькасць чыноўнікаў валам руціннай працы, пры якой невыразнасць фармулёвак і крытэрыяў выканання будзе прыводзіць да відавочных перагібаў. Прычым на іх жа потым можна будзе і павесіць віну за праблемы», – кажуць эксперты.

Прынятае рашэнне аб недапушчальнасці росту коштаў і ўвядзенне ў практыку новай сістэмы іх рэгулявання рана ці позна будзе спачатку радыкальна карэктавацца, а потым без лішняга шуму яго адменяць, перакананыя эканамісты. Калі гэтыя «крэатыўныя ідэі» будуць рэалізоўвацца на доўгатэрміновай аснове, чакаць шырокамаштабных праблемаў доўга не давядзецца.

Паводле экспертаў, у выніку ў Беларусі можа ўзнікнуць дэфіцыт тавараў праз зніжэнне прапановы і вытворчасці, банкруцтвы прымусяць закрыцца шмат якія бізнесы, імпарт упадзе, а дзелавая актыўнасць знізіцца яшчэ мацней. Выходзіць, што сапраўдную шкоду для беларускай эканомікі могуць наносіць не толькі санкцыі. Не меншыя страты можна нанесці сваймі ж нібыта і добрымі намерамі.

Агляд
Ці адчулі беларусы палёгку ад увядзення мараторыю на рост цэнаў?
2022.10.18 17:42

Мікалай Каткоў belsat.eu

 

Стужка навінаў