Фінская кампанія «Olvi» не будзе прадаваць завод «Лідскае піва»


Планы фінскай кампаніі «Olvi» не прадаваць «Лідскае піва» і сплаціць у казну штраф, выпісаны Дзяржкантролем, вынікаюць з прамежкавай справаздачы холдынгу за першы квартал 2023 года. Аб гэтым паведамляе выданне «Office Life».

Кампанія таксама збіраецца заплаціць штраф у памеры 12,2 мільёна еўра, які ў лютым 2023 года ёй быў выпісаны Дзяржкантролем. Гэтая сума ўжо ўключана ў прамежкавую справаздачнасць за першы квартал і мае быць аплачана ў другім квартале.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: lidskaebeer / Instagram

У справаздачы гаворыцца, што штраф зрабіў значны ўплыў на грашовы паток і абцяжарыў аперацыйныя вынікі холдынгу як унутры краіны, так і ў цэлым.

Пры гэтым згадваецца, што «Лідскае піва» працуе «незалежна ад фінансавай падтрымкі мацярынскай кампаніі», таму штраф, які быў накладзены на «дачку» холдынгу, будзе аплачвацца «з мясцовых актываў». Гэта значна скароціць грашовыя актывы, але пры гэтым дзейнасць прадпрыемства працягнецца.

Нагадаем, што ў ліпені 2022 года беларускі ўрад уключыў «Лідскае піва» ў спіс кампаній, якія не могуць быць прададзены іх замежнымі ўладальнікамі. Тым не менш першапачаткова «Olvi Group» выказвала намер аб продажы свайго беларускага прадпрыемства. Аднак ужо ў лістападзе 2022 года кампанія была вымушана прызнаць, што гэта не ўдасца.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў