«Raiffeisen Bank» абмяжуе сваю дзейнасць у Беларусі з 31 ліпеня


Аўстрыйскі «Raiffeisen Bank International» (RBI) абмяжоўвае сваю дзейнасць у Беларусі. У прыватнасці, будуць скарочаныя карэспандэнцкія адносіны з банкамі краіны. Аб гэтым паведамляе аўстрыйскае інфармацыйнае агенцтва APA са спасылкай на прэс-службу RBI. 

Штаб-кватэра RBI ў Вене, Аўстрыя.
Фота: Peter Haas / Wikipedia

19 траўня стала вядома, што «Raiffeisen Bank International» абмяжуе сваю супрацу з беларускімі банкамі. Гэта павінна значна ўскладніць для іх ажыццяўленне міжнародных плацяжоў.

«RBI прыняў рашэнне рэзка скараціць карэспандэнцкія адносіны з банкамі ў рэгіёне, і банкі былі праінфармаваныя аб гэтым», – пацвердзіла прэс-сакратар RBI ў адказ на запыт APA.

У сваю чаргу беларускае дзелавое выданне «Office Life» таксама атрымала адказ на свой запыт да RBI. У прэсавай службе банку пацвердзілі, што карэспандэнцкія рахункі беларускіх банкаў будуць закрытыя. Якой колькасці банкаў гэта тычыцца – пакуль што не ўдакладняецца.

Датай спынення карэспандэнцкіх адносінаў з беларускімі банкамі назвалі 31 ліпеня. RBI заставаўся апошнім банкам, які супрацоўнічаў з беларускімі банкамі для пераводу сродкаў паміж Еўропай і Беларуссю. Раней «Raiffeisen Bank International» прыпыніў сваю дзейнасць у Расеі. Акрамя таго, гэтымі днямі стала вядома, што аўстрыйская група скарачае карэспандэнцкія адносіны з банкамі краінаў СНД.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў