МУС дадаў Вольны беларускі ўніверсітэт у свой пералік экстрэмісцкіх фармаванняў. Навучальная ўстанова, на думку сілавікоў, «здзяйсняе экстрэмісцкую дзейнасць праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў».
КДБ прызнаў Вольны беларускі ўніверсітэт экстрэмісцкім фармаваннем 15 студзеня, а сёння, 19 студзеня, установу залучылі ў адпаведны спіс Міністэрства ўнутраных справаў.
У гэтым пераліку паведамляецца, што ўніверсітэт «здзяйсняе экстрэмісцкую дзейнасць праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў і пры фінансавым ды іншым падтрыманні фонду імя Адэнаўэра, Польска-амерыканскага фонду свабоды, Еўрапейскага фонду за дэмакратыю, амбасады Вялікай Брытаніі ў Менску, дэлегацыі Еўрапарламенту ў пытаннях Беларусі».
З чаго менавіта складалася нібыта экстрэмісцкая дзейнасць навучальнай установы, сілавікі не ўдакладнілі.
У спіс залучылі сайт універсітэту, яго акаўнты ў Facebook, Instagram і Linkedin, а таксама Telegram-канал і электронную пошту.
У канцы снежня да онлайн-лекцыі ўстановы далучыўся прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак, які паспрабаваў запалохаць удзельнікаў, заявіўшы, што «ўсе пад кантролем».
Вольны беларускі ўніверсітэт заснавалі ў 2017 годзе. Пасаду канцлера ўправы займае Аляксандр Мілінкевіч, праграмны дырэктар – Алесь Лагвінец. Ва ўніверсітэце працуюць больш за 50 выкладчыкаў. Усе заняткі ладзяцца онлайн.
Акрамя таго, у МУС прызналі экстрэмісцкім фармаваннем праект «ЛУКАвица», нібыта звязаны з Алаю Марціновіч. У пералік улучаны лагатып у выглядзе цыбуліны белага і чырвонага колераў, а таксама акаўнты ў розных сацыяльных сетках, некалькі Telegram-каналаў і канал у YouTube.
Сцяпан Кубік belsat.eu