Нягледзячы на санкцыі ды ізаляцыю, беларускія футбалісты едуць у Расею


Разбіраем такія кейсы і расказваем пра беларускіх гульцоў, якія не знайшлі альтэрнатывы Расеі. Некаторыя з іх нават падтрымалі ў 2020 годзе беларускі пратэст – але потым «пераабуліся».

Гульня паміж «Тарпеда-БелАЗ» і БАТЭ. На здымку (справа) – футбаліст Валерый Бачароў. Менск, Беларусь. 28 траўня 2023 года.
Фота: sb.by

Беларускія футбалісты, за рэдкім выключэннем, за мяжой не выклікаюць цікавасці

Калі апошнімі гадамі беларускія футбалісты масава з’язджалі за мяжу, цяпер гэтая рака ператварылася ў ручай. Пры гэтым напрамак адзін – найніжэйшыя дывізіёны чэмпіянату Расеі. Калі беларускія зборныя і клубы могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, дык расейскія пасля ваеннай агрэсіі іхнай краіны супраць Украіны трапілі пад санкцыі. Яны адхіленыя ад міжнароднага календара і ўжо амаль два гады застаюцца ў ізаляцыі.

У элітны дывізіён чэмпіянату Расеі зʼехаў экс-футбаліст БАТЭ Валерый Бачароў. Ён перабраўся ва «Урал», дзе трэнерам – беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка. Пры гэтым паўабаронца зборнай Беларусі дастаўся «Уралу» бясплатна, у Бачарова проста скончыўся кантракт у Барысаве.

А вось за маладога галкіпера Андрэя Кудраўца, які перабраў у маскоўскае «Дынама», БАТЭ атрымаў 400 тысяч еўраў. Праўда, кантракт быў падпісаны яшчэ ўлетку.

Астатнія беларускія гульцы адправіліся ў другі дывізіён чэмпіянату Расеі. Так, 25-гадовыя Іван Бахар і Аляксей Вакуліч, якія сталі чэмпіёнамі Беларусі з менскім «Дынама», змянілі Лігу чэмпіёнаў на расейскую глыбінку і падпісалі кантракты з тульскім «Арсеналам». А малады абаронца «Менску» Глеб Якушэвіч перабраўся ў яраслаўскі «Шыннік». Яшчэ далей занесла аднаго з найлепшых беларускіх нападнікаў – 28-гадовы Валерый Гарбачык будзе выступаць за «Чэлябінск» з трэцяга расейскага дывізіёну.

Футбаліст Іван Бахар.
Фота: dinamo-minsk.by

Звернем асаблівую ўвагу на новых гульцоў «Арсеналу». У 2020 годзе і Бахар, і Вакуліч выказвалі падтрыманне беларускаму народу. Так, першы гуляў з белым бранзалетам і падтрымліваў беларускую рэвалюцыю ў сацсетках. А Вакуліч, які тады гуляў у Маскве, на сваёй старонцы ў сацсетках напісаў 17 жніўня: «Ідзі прэч! Ты прайграў! Жыве Беларусь!» Але пазней абодва рэзка змянілі пазіцыю, а Бахар нават падпісаў праўладны ліст.

«Беларускі чэмпіянат дэградуе, відавочнае падзенне яго ўзроўню. Большасць яго футбалістаў не цікавыя нават сярэднім еўрапейскім клубам, і чым больш будзе зачыняцца краіна, тым горшай будзе сітуацыя. Ужо сёння мы бачым, што футбалісты едуць у расейскую глыбінку. Навошта яны гэта робяць? Дзеля грошай. Пакуль ва ўмоўным Чэлябінску могуць прапанаваць больш, чым у Слуцку ці Наваполацку», – кажа наш эксперт, спартовы журналіст з Беларусі.

Абраў клуб, які адкрыта падтрымлівае вайну

Беларускія футбалісты мяняюць клубы і ўнутры самой Расеі. Так, 26-гадовы Раман Юзапчук змяніў маскоўскае «Тарпеда» на «Хімкі» (абодва клубы гуляюць у другім дывізіёне), дзе стаў партнёрам аднаго з самых таксічных беларускіх футбалістаў – Рамана Волкава. Дарэчы, абодва выступаюць за зборную Беларусі і абодва заплямленыя ўдзелам у дамоўленых гульнях.

Футбаліст Раман Юзапчук.
Фота: torpedomoscowfc / vk.com

Калі ў студзені 2022 года Волкаў прыехаў у «Хімкі», ён адразу ж заявіў, што з дзяцінства марыў гуляць у Расеі. Клуб Волкава актыўна падтрымлівае вайну – на стадыёне клубу збіралі мабілізаваных і рэчы на вайну, падчас матчаў адкрыта выкарыстоўваецца зэт-сімволіка, а каманда выступае ў форме з георгіеўскай стужкай. Волкаў бярэ ў гэтым непасрэдны ўдзел як асноўны гулец каманды. У 2017 годзе Волкаў, які выступаў яшчэ за «Нафтан», быў у ліку футбалістаў, якія ўзялі па 1450 долараў за ўдзел у дамоўленым матчы. 13 ліпеня 2020 года суд пакараў Волкава штрафам на 200 базавых велічыняў (тады гэта было 5400 рублёў) і дыскваліфікацыяй на два гады. Пазней дыскваліфікацыя адбылася і з боку федэрацыі футболу. Але ўсё змянілася пасля таго, як Волкаў падпісаў праўладны ліст. Дыскваліфікацыю замянілі на ўмоўную, маўляў, дзеля добрых мэтаў – інтарэсаў нацыянальнай зборнай і БАТЭ. Ці выплаціў Волкаў штраф, невядома.

Калі з пазіцыяй Волкава ўсё ясна, то пазіцыя Юзапчука мяняецца, як надворʼе на моры. То ў сваіх сацыяльных сетках ён падтрымлівае пратэст, то не падтрымлівае, то піша па-беларуску, то выстаўляе расейскі сцяг, а пазней усё выдаляе. Юзапчук двойчы быў чэмпіёнам Беларусі – з берасцейскім «Дынама» і салігорскім «Шахцёрам». Але тытул, заваяваны ў Салігорску, быў забраны, паколькі «Шахцёр» абвінавацілі ва ўдзеле ў дамоўленых гульнях.

Аналітыка
Вынікі чэмпіянату Беларусі па футболе перагледжаныя. «Шахцёр» пазбавілі чэмпіёнскага тытулу
2023.05.11 17:57

Адзначым, што абодва гульцы адправіліся з «Хімкамі» на збор у Турцыю. Цікава, што падмаскоўны клуб згуляе там толькі з расейцамі.

У другім дывізіёне чэмпіянату Расеі адбыўся яшчэ адзін цікавы пераход. Самы дарагі ў 2022 годзе беларускі футбаліст Віталь Лісаковіч стаў гульцом калінінградскай «Балтыкі». Цікава, што з Беларусі ў Расею едуць не толькі гульцы, але і футбольныя функцыянеры. Так, прэс-службай «Балтыкі» кіруе беларус Аляксандр Строк. А нядаўна працаўніком клубу стаў Уладзімір Мачульскі, якога ўзялі на пасаду перакладчыка. Абодва ўваходзілі ў адміністрацыйны штаб берасцейскага «Дынама» часоў Аляксандра Зайцава, пакуль «гаманец» Лукашэнкі не трапіў пад санкцыі і не мусіў адысці ад футбольных справаў.

Казахстан зачыняе дзверы для гульцоў Беларусі, Расеі і яшчэ пяці краінаў

Казахстан – краіна, дзе гуляла больш за ўсё беларусаў.

У мінулым сезоне ў чэмпіянаце Казахстану гулялі 25 нашых гульцоў, 20 – у элітным дывізіёне, яшчэ 5 – у другім. Але ў 2024 годзе іх стане значна менш. З рэгламенту чэмпіянату Казахстану прыбралі спецыяльную квоту для гульцоў краінаў, што ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз. А гэта значыць, што прадстаўнікам гэтых краінаў трэба будзе вытрымліваць адкрытую канкурэнцыю з бразільцамі ды іншымі замежнікамі. У выніку дадому ў Беларусь ўжо вярнуліся форвард Андрэй Салавей і абаронца Мікіта Навумаў.

Агляд
Толькі адзін з іх каштуе мільён еўраў. Хто яны, найлепшыя беларускія футбалісты
2023.12.27 08:41

АС belsat.eu

Стужка навінаў