Іярданія адмяніла саміт з удзелам Байдэна пасля ўдару па шпіталі ў сектары Газа


Іярданія адмяніла запланаваны на 18 кастрычніка чатырохбаковы саміт з удзелам прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і лідараў Іярданіі, Егіпту і Палестынскай аўтаноміі. Сустрэчу адмянілі пасля таго, як у выніку выбуху ў шпіталі ў сектары Газа 17 кастрычніка загінулі сотні асобаў. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Al Jazeera» са спасылкаю на міністра замежных справаў Іярданіі Аймана ас-Сафадзі.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Крыніца: yle.fi

Міністр замежных справаў Іярданіі заявіў, што «цяпер няма сэнсу рабіць нешта, акрамя як спыніць гэтую вайну», і дадаў, што «ні для кога няма ніякай карысці ад правядзення саміту ў гэты час». Адпаведнае рашэнне прынялі пасля кансультацыяў з Палестынай, Егіптам і ЗША.

Белы дом таксама пацвердзіў адмену паездкі прэзідэнта ЗША ў Іярданію.

Джо Байдэн ужо вылецеў з ЗША і 18 кастрычніка правядзе перамовы з ізраільскім прэм’ерам Бэньямінам Нэтаньягу ды чальцамі ўраду. Пры гэтым прэзідэнт ЗША мае намер задаць кіраўніцтву Ізраілю «жорсткія пытанні», але «будзе задаваць іх як сябар», заявіў каардынатар у стратэгічных камунікацыях Рады нацыянальнай бяспекі Белага дому Джон Кербі, перадае «Reuters».

Нагадаем: прадстаўнікі палестынскага руху «Хамас» заяўляюць, што ў выніку ўдару, нанесенага ізраільскай авіяцыяй увечары 17 кастрычніка па арабскім баптысцкім шпіталі «Аль-Маамадані», загінулі больш за 500 чалавек. У сваю чаргу ізраільскія афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што ў выбуху вінаватая няспраўная ракета, выпушчаная ісламісцкаю групоўкай «Ісламскі джыхад» з сектару Газа.

Здымкі наступстваў атакі на шпіталь у сектары Газа 17 кастрычніка 2023 года. Крыніца: Baza / Telegram
Hавiны
У выніку ўдару па лякарні ў сектары Газа загінула больш за 500 чалавек
2023.10.17 23:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў