Два гады таму Лукашэнка дазволіў прыватнай ахоўнай службе ўжываць зброю. Цяпер гэтых «ахоўнікаў» могуць паслаць ваяваць ва Украіну.
Выданне Zerkalo.io расказала са спасылкай на сваю крыніцу ў кампаніі «ГардСэрвіс» аб тым, што супрацоўнікаў кампаніі трэнуюць баевікі расейскай ПВК Вагнэра. Галоўнае з матэрыялу:
Кампанія «ГардСэрвіс» была заснаваная 21 лістапада 2019 года, раней звалася «Белсек’юрыцігруп». 18 чэрвеня 2020 года Лукашэнка дазволіў кампаніі ўжываць агнястрэльную зброю – гэта адзіная прыватная кампанія, якая мае такі дазвол. Праз месяц пасля таго дазволу ў беларускім санаторыі затрымалі, як сцвярджалася, баевікоў ПВК Вагнэра, але іх неўзабаве адпусцілі.
Заснавальнікам «ГардСэрвісу» была кампанія «Глобалкастом-менеджмент», якой валодаюць беларуска Ганна Пушкарова (60 %) і ўкраінка Ганна Хмялеўская (40 %). Беларускі расследавальніцкі цэнтр заўважаў, што Пушкарова не раз суправаджала даўняга паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана. Цяпер 100 % кампаніі валодае Аляксандр Мятла – дырэктар комплексу «Лінія Сталіна» і кіраўнік фонду «Памяць Афгану», якія таксама падтрыліваў Шэйман. «ГардСэрвіс» трапіў пад санкцыі Еўразвязу, Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў снежні 2021 года.
ПВК Вагнэра фармальна не існуе. Дэ-факта гэта засакрэчанае падраздзяленне расейскай арміі, якое выконвае адмысловыя баявыя задачы. За паспяховае выкананне гэтых задачаў вагнэраўцы атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды Расеі. Імаверна, Група Вагнэра непасрэдна падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню Генштабу Узброеных сілаў РФ. База прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра размяшчаецца ў Молькіна (Краснадарскі край РФ).
Найміцтва ў Беларусі незаконнае. Артыкул 133 КК РБ вызначае яго як «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сілаў ваюючых бакоў і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без паўнамоцтва дзяржавы, грамадзянінам якой яна з’яўляецца або на тэрыторыі якой пастаянна пражывае». За гэта мусілі б караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
Алесь Наваборскі belsat.eu