Афганістан – гэта краіна, якая была і ёсць традыцыйным цэнтрам вытворчасці опіуму і вырошчвання опіумнага маку. І плыні наркатрафіку традыцыйна кантралююць менавіта талібы. Эксперт у рэгіёне Сярэдняй Азіі на ўмовах ананімнасці распавёў «Белсату», ці магчымы трафік наркотыкаў праз Беларусь, як гэта раней пагражаў краінам Захаду Лукашэнка.
Талібы прыйшлі да ўлады ў Афганістане не першы раз. У 2000 годзе яны распачалі сваю палітыку ў краіне з таго, што ўвогуле забаранілі вырошчваць мак. Але гэта было зроблена з мэтаю спадабацца краінам Захаду, каб не раздражняць міжнароднай супольнасці. Вось толькі праз іншыя падзеі ў 2001 годзе тут пачалася вайна: ЗША і саюзнікі прыйшлі ў краіну, бо талібы далі прытулак міжнародным тэрарыстам.
«Падчас вайны з 2000 да 2020 года талібам, якія ўвесь час працягвалі супраціў войскам ЗША, патрэбныя былі сродкі. Частку сродкаў ахвяравалі некаторыя асобы з замежных краінаў, якія спачувалі талібам. Але галоўнаю крыніцаю паступленняў было незаконнае распрацоўванне радовішчаў карысных выкапняў, абкладанне данінаю мясцовых людзей. Вядома, што ў такой сітуацыі яны не маглі абмінуць і такой крыніцы прыбыткаў, як наркабізнес і наркатрафік», – распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці эксперт у рэгіёну Сярэдняй Азіі.
Эксперт адзначае: з моманту, калі пачалася вайна ў 2000 годзе, пачаўся рост аб’ёму наркатрафіку з Афганістану. А ў 2020 годзе быў вельмі імклівы рост вытворчасці наркотыкаў, нягледзячы нават на пандэмію каронавіруса.
Паводле падлікаў ААН, летась талібы атрымалі ад незаконнай здабычы карысных выкапняў 464 мільёнаў долараў, а прыбытак ад наркагандлю склаў 460 мільёнаў долараў.
«Увогуле наркабізнес у моманты пікаў, а гэта з 2010 да 2020 года, дасягаў нават да 7 % ад ВУП краіны. Вядома, тут ацэньваць складана, статыстыкі надзейнай няма. Толькі падлікі экспертаў. ЗША змагаліся з наркабізнесам у Афганістане, але ў выніку ўсё роўна назіраецца рост. Прычым былі гады, калі ўраджаі пшаніцы былі вельмі слабыя, але пры гэтым афганскія сяляне не адмаўляліся ад вырошчвання маку, бо гэта прыносіць большы прыбытак», – кажа эксперт.
Геаграфія наркатрафіку з Афганістану насамрэч даволі шырокая. Опіум з Афганістану паступае не толькі ў краіны ЕЗ, Расею, але і шматлікія іншыя краіны свету.
«Прасачыць усё даволі складана. Але вядома, што талібы трымаюць пад сваім кантролем не толькі вырошчванне маку і вытворчасць наркотыкаў, але нават трафік і дылераў на месцах, з гэтага таксама яны маюць прыбытак», – кажа суразмоўца belsat.eu.
Эксперт кажа, што трафік ідзе рознымі каналамі да мора, там марскім шляхам у асноўным, бо няма межаў.
«Некалі я сустракаў інфармацыю нават пра такія самаробныя катапульты, якімі перакідвалі сваю прадукцыю праз іранскую мяжу. Але не бяруся сцвярджаць, што сапраўды такое мела месца і ёсць значным маршрутам», – кажа наш суразмоўца.
Таму, падсумоўвае эксперт, галоўнае – спроба даставіць наркотыкі да мора, а там ужо опіум распаўсюджваюць паўсюль.
Раней Лукашэнка неаднаразова агучваў пагрозы краінам Захаду, што Беларусь можа спыніць не толькі кантроль уцекачоў на сваёй мяжы, але таксама прыпыніць кантроль і наркотыкаў.
«Калі паглядзець на геаграфічнае размяшчэнне, то ў прынцыпе тэарэтычна можна ўявіць сабе калідор праз Цэнтральную Азію ў Беларусь і далей у Еўропу. Але гэта даволі доўгі шлях і даволі шмат межаў, шмат пасярэднікаў. У выніку канцавы прадукт, умоўна скажам, на вуліцах еўрапейскіх гарадоў, можа быць вельмі дарагім. Гэта даволі насамрэч клопатная справа, з улікам таго, што памежныя і мытныя органы з боку ЕЗ будуць вельмі пільна за гэтым сачыць. І тут будзе даволі складана знайсці магчымасць для перавалкі наркотыкаў. Таму я думаю, што наўрад ці на гэта можна сур’ёзна глядзець як на істотную крыніцу рэсурсаў. Такая спакуса узнікае, але калі рэальна праглядзець, то складана пралічыць, што будуць нейкія дывідэнды», – адзначае эксперт.
Гэтак жа вельмі малаверагодна, што ўлады Беларусі змогуць выкарыстаць уцекачоў для пашырэння міграцыйнага крызісу на заходніх межах.
«Складана наладзіць каналы пастаўкі ўцекачоў у Беларусь. Напрыклад, беларусаў з Кабулу эвакуявалі ўкраінцы. Калі паспрабаваць наладзіць такі бізнес з талібамі? Але рэч у тым, што ў ЕЗ цяпер гучаць меркаванні, што краіны Захаду мусяць стварыць калідор дзеля ратавання афганцаў, якім пагражае небяспека. Таму пакуль улады Беларусі будуць ствараць каналы перавозу мігрантаў, Еўропа ў гэты момант можа цалкам легальна завезці да сябе ўцекачоў».
Эксперт таксама звяртае ўвагу, што цяпер талібы імкнуцца прадэманстраваць сваю міралюбнасць і цывілізаванасць. Яны абяцаюць нікога не чапаць, гучаць заклікі разам развіваць краіну. Але пакуль усе ў чаканні, каб спраўдзіць, наколькі словы адпавядаюць рэчаіснасці.
СК belsat.eu