Францыя паставіць Украіне сістэмы супрацьпаветранай абароны, Іран можа даць Расеі ракеты


Следам за Нямеччынай і Францыя заявіла аб пастаўках ва Украіну сістэмаў супрацьпаветранай абароны: міністр абароны Францыі Сэбаст’ен Лекарню расказаў выданню «Le Parisien» пра пастаўкі Украіне батарэяў зенітна-ракетных комплексаў «Crotale». 

Зенітна-ракетныя комплексы «Crotale» на парадзе ў Дзень штурму Бастыліі. Парыж, Францыя. 14 ліпеня 2003 года.
Фота: David Monniaux / Wikimedia, CC BY-SA 1.0

Францыя мае 12 батарэяў сістэмы «Crotale». Колькі з іх збіраюцца паставіць Украіне, невядома. Але сістэма можа біць па цэлях на далёкасці да 10 км і на вышыні да 6 км. Гэтыя сістэмы могуць быць асабліва карыснымі ў барацьбе з беспілотнікамі і супраць бамбавання з паветра.

Паводле міністра абароны Францыі Сэбаст’ена Лекарню, ягоная краіна таксама прыме да 2 тысяч украінскіх вайскоўцаў на тыднёвую баявую падрыхтоўку, на падрыхтоўку ў лагістыцы і для засваення абсталявання.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у пачатку тыдня заявіў, што Францыя поўная рашучасці дапамагчы Украіне аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць і поўны суверэнітэт. Гэта кантраставала з ранейшымі менш рашучымі выказваннямі Макрона, за якія яго крытыкавалі.

Францыя ўжо паставіла Украіне 18 артылерыйскіх сістэмаў «Caesar» і вядзе перамовы аб пастаўках яшчэ шасці, а таксама выдаткавала 100 млн еўра для пакупкі ўкраінскімі вайскоўцамі любой французскай прадукцыі.

Нямеччына тым часам паставіла Украіне першую з чатырох абяцаных сістэмаў супрацьпаветранай абароны IRIS-T SLM. Кіеў таксама чакае нарвежскія ЗРК NASAMS ад Злучаных Штатаў.

Расея пасля масавых абстрэлаў Украіны 10-11 кастрычніка можа мець дэфіцыт высокадакладнай зброі. Паводле крыніцы «The Washington Post», пастаўкі ракет у Расею можа планаваць Іран. Гаворка ідзе пра ракеты «Fateh-110» і «Zolfaghar», здольныя біць адпаведна на 300 і 700 км. Сцвярджаецца, што дамоўленасць Ірану з Крамлём была дасягнутая яшчэ 18 верасня. Іран ужо пастаўляе Расеі беспілотнікі, у тым ліку дроны-камікадзэ.

Аналітыка
Колькі ракетаў засталося ў Пуціна, і ці зможа Расея паўтарыць абстрэлы, як 10–11 кастрычніка?
2022.10.12 08:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў