Расея абстраляла Херсоншчыну. 7 чалавек загінула


Раніцай 13 жніўня расейскія войскі нанеслі ўдары па Херсоншчыне. Загінула цэлая сям’я.

Расея ўдарыла па Херсоншчыне. Загінулі 6 чалавек. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

Міністр унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка напісаў у сваім тэлеграм-канале, што расейская артылерыя абстраляла Херсоншчыну. Удар прыйшоўся на Шырокую Балку.

У выніку ўдараў загінуў мясцовы жыхар, а таксама сям’я: тата, мама і іхная дачка, якой было ўсяго 23 дні ад нараджэння. 12-гадовы сын быў шпіталізаваны ў крытычным стане і памёр ужо ў лякарні.

Наступствы ўдараў расейскай артылерыі па Херсоншчыне. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

Таксама зафіксавана 12 прылётаў у Станіслававе. Ёсць двое загінулых мужчын, адна жанчына атрымала траўмы.

«Сафійцы было ўсяго 23 дні ад нараджэння, ейнаму браціку Арцёму – 12 гадоў. Сёння іх разам з татам і мамай забіла Расея. Таксама ў Шырокай Балцы тэрарысты абарвалі жыццё 67-гадовага мясцовага жыхара. У Станіславе з-за варожага ўдару загінуў пастар хрысціянскай царквы Тачышвілі Мікалай Мікалаевіч і яго аднавясковец», – паведаміў старшыня Херсонскай абласной адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.

Агулам днём 13 жніўня ў выніку абстрэлаў на Херсоншчыне былі забітыя 7 і атрымалі раненні 13 чалавек.

Увечары расейцы зноў абстрэльвалі паселішча вобласці: у Белазёрску жанчына і мужчына атрымалі раненні.

«Тэрарысты добраахвотна ніколі не спыняць забіваць мірных людзей. Тэрарыстаў трэба спыніць. Сілай. Іншага яны не разумеюць», – напісаў Ігар Кліменка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў