Каб сталі «маўклівымі спецыялістамі». Як улады помсцяць адвакатам за іх прафесійную дзейнасць


11 траўня Менскі гарадскі суд асудзіў палітзняволеную адвакатку Настассю Лазарэнку на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Таксама стала вядома, што адвакат Ігар Сцяпанаў быў пазбаўлены права практыкаваць пасля таго, як быў асуджаны да адміністратыўнага арышту за лайк у сацсетках. Мы пацікавіліся ў эксперта, з якой мэтай рэжым працягвае наступ на адвакатаў і ці ёсць яшчэ магчымасць знайсці сабе адваката людзям, якія абвінавачваюцца па палітычных артыкулах?

Адвакатка Анастасія Лазарэнка 11 траўня 2023 года атрымала 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Фота: Anastasiya Lazarenko / Linkedin

Каб пасеяць страх

Гэта не першы наступ на адвакатаў, гаворыць юрыст і праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк. Такое ўжо было ў 2011 годзе, а ў 2020-м адбылася новая хваля, падчас якой можна казаць пра рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў. Вядома ж, кажа наш суразмоўца, гэта накіравана на тое, каб пазбавіць магчымасці абароны тых грамадзянаў, супраць якіх распачаты рэпрэсіі, пасеяць страх не толькі ў грамадстве, але і ў канкрэтных сацыяльных і прафесійных групах, у тым ліку і сярод саміх адвакатаў.

Паколькі ў адвакатаў ёсць некалькі роляў – як непасрэдная юрыдычная работа па справе, так і магчымасць агучвання нейкіх парушэнняў, што адбываюцца падчас вядзення гэтай справы. Дык вось беларускія ўлады, адзначае Раман Кісляк, якраз і імкнуцца да таго, каб адвакаты сталі гэткімі «маўклівымі спецыялістамі» і на публіку не транслявалі ніякіх парушэнняў. Каб інфармацыя аб парушэннях правоў чалавека, негуманным стаўленні да зняволеных і абвінавачваных не распаўсюджвалася за межы гэтай юрыдычнай сістэмы. Менавіта на гэта накіраваныя, хутчэй за ўсё, дзеянні ўладаў – каб запужаць адвакатаў і адпомсціць ім за тое, што яны ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць.

І гэта, на думку праваабаронцы, уладам часткова ўдаецца. Каб адвакаты не раскрывалі дэталяў справы ні тое што публічна, а нават сваякам абвінавачваных, з іх бяруцца падпіскі аб неразгалошванні па любых справах. Прычым падпісваюць іх не толькі адвакаты, але і самі абвінавачаныя, падазраваныя. Гэтая «шалёная практыка», адзначае Раман Кісляк, накіраваная на тое, каб «запужаць грамадства, каб людзі сталі безабароннымі, каб адвакаты не здзяйснялі сваіх паўнамоцтваў і баяліся абараняць».

Безумоўна, кажа праваабаронца, колькасць звольненых, выгнаных, пазбаўленых ліцэнзіі і выключаных з калегіі адвакатаў прывяла да таго стану, калі ў тых, хто шукае адваката ў сувязі з нейкімі гучнымі палітычнымі справамі, узнікаюць складанасці.

Людзі маюць права на юрыдычную абарону

Тым не менш, Раман Кісляк адзначае, што пры звароце да адвакатаў, чалавеку абавязаны аказаць дапамогу. Каб знайсці сабе адваката, можна звярнуцца непасрэдна ў калегію адвакатаў, напісаць пісьмо да старшыні калегіі ў выпадку, калі сутыкнуліся з першапачатковай адмовай, ці прыйсці да яго на асабісты прыём. І адваката павінны прызначыць, бо чалавек не можа застацца без юрыдычнай абароны. Іншая справа, адзначае Раман Кісляк, што людзі хочуць выбраць сабе канкрэтнага адваката. Аднак вось якраз тых, хто займаўся канкрэтнымі палітычнымі справамі і рабіў гэта паспяхова, улада планамерна, крок за крокам выбівае з калегіі адвакатаў, праводзячы сярод іх рэпрэсіі.

Але зараз, адзначае праваабаронца, адвакаты, якія некалі былі выключаны з калегіі, пазбаўлены ліцэнзіі і выехалі за межы краіны, аб’ядналіся ў Беларускую незалежную асацыяцыю адвакатаў правоў чалавека, каб аказваць людзям дапамогу. Зразумела, што такія спецыялісты, гаворыць наш суразмоўца, «не пойдуць з чалавекам у пракуратуру, але тым не менш пэўная дапамога можа аказвацца, і гэта таксама немалаважна».

Паспяховасць работы адвакатаў

Гаворачы аб тым, наколькі ў цяперашніх беларускіх умовах адвакатам удаецца выконваць свае абавязкі, Раман Кісляк адзначыў, што ў «публічную прастору не трапляе мноства прац, калі людзей выратоўваюць ад крымінальных спраў». Вынікам дзейнасці адвакатаў становяцца спыненні, перакваліфікацыі справаў, вызваленне людзей, пасля чаго тыя маюць магчымасць выехаць з краіны. Такіх выпадкаў, гаворыць Раман Кісляк, дзясяткі. «Яны не трапляюць у сродкі масавай інфармацыі, але гэта ведаем мы праваабаронцы, гэта ведаюць самі адвакаты», – адзначае юрыст.

Так, гаворыць наш суразмоўца, па палітычных справах, асабліва па тых, якія маюць грамадскі розгалас, працаваць вельмі цяжка, бо рашэнні па іх ужо загадзя перадвызначаны. Тым не менш праца адваката не вымяраецца тым, каб выключна апраўдаць чалавека. Бывае неабходная правільная кваліфікацыя, часам неабходна заявіць аб парушэннях або проста прайсці да абвінавачанага ці зняволенага ў СІЗА або калонію ў якасці «дарагога паштальёна». Бо ва ўмовах, калі з чалавека здзекуюцца ў месцах зняволення, неабходна ўскрыць сакрэтнасць, у якой гэта ўсё робіцца. Калі б такой закрытасці і сакрэтнасці не было, адзначае Раман Кісляк, было б менш і здзекаў са зняволеных.

Пры гэтым праваабаронца адзначыў, што стаў сведкам таго, як, пачынаючы з 2000 года, калі ён прыйшоў у адвакатуру, людзі год за годам усё менш і менш звярталіся да адвакатаў. Прычынай гэтага, на яго думку, ёсць тое, што ў Беларусі пабудаваная неправавая дзяржава. Нават за савецкім часам, калі параўноўваць з сітуацыяй у Беларусі, працэнт апраўдальных прысудаў быў вышэйшым. У Беларусі склалася такая практыка, кажа наш суразмоўца, што тыя крымінальныя справы, што трапляюць у суд, як правіла заканчваюцца абвінаваўчым прысудам і вельмі рэдка апраўдальным.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў