«Нобэль – проста супер». Міхайла Падаляк выказаў незадаволенасць рашэннем Нобэлеўскага камітэту


Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк выказаў незадаволенасць тым, што Нобэлеўскай прэміяй міру ўганаравалі сёння разам з украінскай арганізацыяй прадстаўнікоў Беларусі і Расеі.

«У Нобэлеўскага камітэту адназначна цікавае разуменне слова «мір», калі Нобэлеўскую прэмію атрымліваюць разам прадстаўнікі дзвюх краінаў, якія напалі на трэцюю», – пракаментаваў рашэнне Нобэлеўскага камітэту Міхайла Падаляк на сваёй старонцы ў Twitter.

«Ані расейскія, ані беларускія арганізацыі так і не змаглі зладзіць супраціву гэтай вайне. Нобэль гэтага года – проста супер», – напісаў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны.

Тўіт Міхайла Падаляка выклікаў шквал каментароў. Каментатары з Беларусі і Украіны нагадваюць аўтару, што Алесь Бяляцкі быў арыштаваны яшчэ ў ліпені 2021 года, а праваабарончая арганізацыя «Вясна» сышла ў падполле і ніяк не магла арганізоўваць антываеннага супраціву ў 2022 годзе. Нагадваюць Падаляку, што Нобэль далі не краіне, і «гэта не «Еўрабачанне».

Прадстаўнікі ўкраінскага Цэнтру грамадзянскіх свабодаў, які таксама атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, кажуць, што цяпер якраз і загаварылі гарматы, бо раней палітыкі не прыслухоўваліся да праваабаронцаў і змагароў за мір, якім безумоўна ёсць Алесь Бяляцкі.

Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі сёлета беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які застаецца за кратамі ўжо 450 дзён, расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» і Цэнтр грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

Hавiны
«Арміі прамаўляюць, бо праваабаронцаў не чулі». Украінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў пра свой і не толькі Нобэль
2022.10.07 17:08

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў