Польшча пагражае закрыць «акно ў свет» для Беларусі праз палітыку Лукашэнкі


Намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік у эфіры тэлеканалу «Polsat» заявіў пра неабходнасць больш жорсткіх і рашучых дзеянняў у дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Мацей Вонсік.
Фота: polsatnews.plGjk

«Мы павінны супрацьстаяць дзеянням Аляксандра Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы, а таксама супраць ягонай уласнай апазіцыі і польскай меншасці», – заявіў намеснік міністра.

Вонсік нагадаў, што журналіст і дзеяч польскай меншасці Анджэй Пачобут быў асуджаны на восем гадоў, а «на некаторых могілках з магіламі воінаў Арміі Краёвай з’явіліся бульдозеры».

«Мы не можам дазволіць, каб за ўсходнімі межамі саспяваў рэжым, які рэалізуе планы Пуціна», – заключыў ён.

Паводле Вонсіка, ужо распрацаваны спіс на некалькі соцень асобаў, у дачыненні якіх плануецца ўвесці санкцыі за прысуды, аналагічныя прысудам супраць Пачобута. Калі ж сітуацыя абвострыцца, не выключана, што Польшча закрые для Беларусі «акно ў свет».

Намеснік міністра адзначыў, што памежныя пераходы з Польшчай важныя для беларускай эканомікі, узроўню жыцця і падтрымання Лукашэнкі.

«Мы не будзем вагацца. У выпадку неабходнасці мы таксама заступімся за польскую меншасць», – запэўніў ён.

Але заявіў, што пакуль у Варшаве «чакаюць кроку Менску», у тым ліку каб «пайсці і іншым шляхам».

Hавiны
Польшча можа закрыць усе памежныя пераходы з Беларуссю, але чакае вызвалення Пачобута
2023.02.27 19:59

Раней Вонсік заяўляў, што Польшча чакае пэўных сігналаў з боку Беларусі. Паводле яго, такім сігналам можа зрабіцца вызваленне Пачобута.

10 лютага, пасля прысуду Пачобуту, Польшча прыпыніла рух на памежным пераходзе «Баброўнікі». З 21 лютага Варшава пастанавіла абмежаваць рух беларускіх грузавых аўтамабіляў на памежным пераходзе «Кукурыкі – Казловічы». Пасля гэтага не раз гучала, што Польшча можа прыпыніць рух і праз іншыя памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў