Прэм'ер Галоўчанка чакае зніжэння коштаў у Беларусі. Што можа азмрочыць ягоныя планы?


Улады Беларусі заявілі пра хуткае зніжэнне коштаў. Як адзначае незалежная эканамістка Кацярына Барнукова, гэта сапраўды можа адбыцца. Але ўсё ж ёсць некалькі нюансаў, якія могуць азмрочыць інфляцыйныя чаканні прадстаўнікоў рэжыму.

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
Фота: Oksana Manchuk / TASS / Forum

Прадказаў хуткае зніжэнне коштаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які наведаў 1 верасня Талачынскі кансервавы завод.

«Багаты ўраджай, таму чакаецца зніжэнне коштаў. У гэтым годзе не павінна быць сітуацыі, як у мінулым, калі цэны на ўнутраным рынку раслі ад высокіх коштаў у Расеі – усе імкнуліся прадаць на экспарт. Таму мы глядзелі ўнутраны рынак і фіксавалі цэны, каб тавар застаўся тут даступным. Сёлета робяцца захады для павелічэння абʼёмаў гарантаванай закладкі. Яны вырастуць прыкладна на 30 %. Ужо цяпер заключаюцца доўгатэрміновыя дамовы гандлёвых сетак з пастаўляльнікамі і тымі, хто будзе захоўваць гэтую бульбу. Вытворца будзе ведаць, што ў яго забяруць прадукцыю, а прадавец – упэўнены, што ў яго будзе пастаўляльнік», – сказаў прэмʼер.

Паводле яго, ужо хутка сітуацыя з цэнамі стане больш стабільнай і прагназаванай.

Інфляцыя ў Беларусі ды ў суседзяў

Нягледзячы на істотны рост коштаў, Беларусь усё ж не лідаруе сярод краінаў-суседак паводле ўзроўню гадавой інфляцыі. Прынамсі, калі верыць афіцыйным звесткам за ліпень 2022 года. Паводле паказніку гадавой інфляцыі нашая краіна абганяла Польшчу і Расею, але пры гэтым адставала ад Латвіі, Літвы і ахопленай вайной Украіны:

Сусветная тэндэнцыя

У каментары «Белсату»  эканамістка, акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова заявіла, што словы Галоўчанкі аб хуткім зніжэнні коштаў адлюстроўваюць сітуацыю на сусветных рынках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Галоўчанка глядзіць трэнды на міжнародным рынку і бачыць, што зніжаюцца цэны на харчы», – апавяла эканамістка.

Паводле яе, рост коштаў на харчы быў сусветнай праблемай, якую за апошнія летнія месяцы ўдалося пераламаць.

Як адзначае Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO), індэкс харчовых цэнаў у свеце зніжаецца чацвёрты месяц запар. У ліпені ён быў на 8,6 % ніжэйшы за чэрвеньскі ўзровень, але ўсё ж на 13,1 % вышэйшы за паказнік ліпеня 2021 года.

«Ліпеньскае зніжэнне значэння гэтага індэксу стала самым рэзкім з кастрычніка 2008 года», – адзначаюць у FAO.

Паводле звестак арганізацыі, сярэдні кошт на збожжавыя ў ліпені знізіўся ў адносінах да чэрвеня на 11,5 % (рост у адносінах да ліпеня 2021-га – на 16,6 %). У FAO гэта тлумачаць дамоўленасцю Украіны з Расеяй аб разблакаванні асноўных чарнаморскіх партоў Украіны і аднаўленнем экспарту ўкраінскага збожжа. Акрамя таго, зніжэнню коштаў спрыяў пачатак уборкі ўраджаю ў Паўночным паўшар’і, Аргентыне і Бразіліі. Таксама зменшыліся міжнародныя цэны на рыс, упершыню з пачатку 2022 года.

Hавiны
Улады Беларусі прыдумалі, як павялічыць інфляцыю, скараціць асартымент і зменшыць паступленні ў бюджэт
2022.08.17 17:17

 

На 19,2 % знізіліся таксама сусветныя цэны на пальмавы, соевы, рапсавы і сланечнікавы алей – за кошт чаканага значнага росту ўраджаю, доўгага перыяду малога попыту і змяншэння кошту сырой нафты. Акрамя таго, у параўнанні з чэрвенем у ліпені зменшыліся сусветныя цэны на цукар (на 3,8 %), малочныя вырабы (на 2,5 %) і мяса (на 0,5 %).

Не толькі сусветныя цэны

Акрамя сусветных коштаў, распавяла Кацярына Барнукова, паўплываць на кошт вырабаў у Беларусі можа і ўнутраны сезонны фактар збору новага ўраджаю, які традыцыйна зніжае цэны ўлетку і ўвосень. Так, паводле Белстату, ужо ў ліпені ў параўнанні з чэрвенем цэны на харчовыя тавары ў Беларусі знізіліся на 0,2 % (пры росце адносна ліпеня 2021-га на 19,6 %).

«Таму тут ён [Раман Галоўчанка. – Рэд. Belsat.eu] абсалютна мае рацыю. Зніжэння варта чакаць. Улічваючы агульнае падзенне коштаў на прадукты харчавання ў свеце, можна меркаваць, што гэта будзе не толькі сезонна», – адзначыла эканамістка.

Прынамсі, на думку Кацярыны Барнуковай, рост коштаў можа замарудзіцца.

Не расці – не значыць зніжацца

У сваю чаргу эксперт у сферы сельскагаспадарчых рынкаў Пётр Марозаў адзначыў, што за выключэннем сезонных тавараў цэны на астатнія харчы, нават калі і перастануць расці, наўрад ці знізяцца ў параўнанні з мінулым годам.

Продовольственное эмбарго,
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Што датычыць харчовых тавараў і спажывецкіх коштаў на іх, то ў беларускіх умовах у найлепшым выпадку можна разлічваць на тое, што кошты застануцца на тым жа ўзроўні, што і цяпер», – заявіў ён.

Пры гэтым, са словаў Пятра Марозава, фермеры і ўладальнікі асабістых падсобных гаспадарак, на якіх таксама цісне інфляцыя, нават пры вялікім ураджаі яшчэ падумаюць, ці прадаваць сваю прадукцыю як мага танней, калі «ўсё астатняе для мяне дорага».

Эксперт таксама адзначыў: з улікам таго, што ў Беларусі цэны і так рэгулююцца і абмяжоўваюцца рознымі пастановамі, «наўрад ці нехта будзе зніжаць цану»:

«Імаверна, ён яшчэ не дасягнуў таго павышэння, якога мусіў бы. Такім чынам, рэгуляванне цэнаў стрымлівае павышэнне, але робіць яго перманентным».

І хоць на аптовых рынках зніжэнне коштаў і можа адбыцца, у крамах яго наўрад ці заўважаць.

Не ўсё так добра

Больш за тое, заявіла Кацярына Барнукова, зніжэнне коштаў на харчовыя тавары «нічога не кажа аб цэнах на нехарчовыя тавары або паслугі». Хоць пакуль рост коштаў, прынамсі, на частку з іх, стрымліваецца нізкім попытам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Людзі чакаюць крызісу і скарачаюць неабавязковыя выдаткі. І паслуг гэта датычыць у першую чаргу. Без ежы мы жыць не можам, вопратку трэба купляць, а на масаж або ў рэстаран можна не схадзіць», – тлумачыць Кацярына Барнукова.

Разам з тым у выніку санкцыяў былі разарваныя пастаўкі нехарчовых тавараў і дэталяў да іх, што таксама будзе прыводзіць да росту коштаў.

«Хутчэй за ўсё, цэны на нехарчовыя тавары будуць у нейкай ступені павышацца. Рост не будзе такім высокім, як быў у папярэднія месяцы, але наўрад ці мы ўбачым патанненне», – распавяла эканамістка.

Акрамя таго, асобным фактарам стаіць ужо вядомая дадатковая эмісія грошай у Беларусі, якая таксама прывядзе да росту інфляцыі ў краіне, заявіла акадэмічная дырэктарка BEROC.

У той жа час беларусам не пагражае трэнд на падаражэнне камунальных паслуг, з якім сутыкаюцца іншыя краіны Еўропы з прычыны рэзкага росту коштаў на энерганосьбіты.

Аналітыка
Еўра каштуе ўжо менш за долар. Ці варта хвалявацца за еўразону і бегчы мяняць усё на долары?
2022.08.25 08:00

Макар Мыш /MM belsat.eu

Стужка навінаў