У Горадні невядомы мужчына ў яўна неадэкватным стане хадзіў з нажом па мікрараёне Альшанка. Міліцыя пры затрыманні выкарыстала табельную зброю.
Выданне «АвтоГродно» са спасылкаю на відавочцаў паведамляе, што мужчына палохаў мінакоў. Нехта з мясцовых жыхароў патэлефанаваў у міліцыю і папрасіў дапамагчы.
На месца здарэння выехаў нарад міліцыі. Сілавікі патрабавалі кінуць нож, але мужчына казаў, што не можа гэтага зрабіць, і працягваў ісці насустрач міліцыянтам. Ён казаў, каб яму «стрэлілі ў галаву», прасіў сябе забіць. «Калі ласка, забіце мяне», – крычаў ён. Адзін з міліцыянтаў зрабіў папераджальны стрэл.
Паводле ОНТ, мужчына цяпер у ізалятары. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Зацятае хуліганства»).
Застаецца незразумелым, як у выніку ўдалося скруціць мужчыну, ці атрымаў ён раненні. На відэа моманту затрымання няма: ёсць толькі кадры з папераджальным стрэлам, потым ужо мужчына ляжыць на асфальце тварам уніз у атачэнні міліцыянтаў.
Глеб Нержын belsat.eu