Куды беларусы звярталіся па шэнгенскія візы і колькі адмоваў атрымалі. Статыстыка Еўракамісіі


Еўрапейская камісія апублікавала дэталёвую статыстыку пра выдачу шэнгенскіх візаў у 2022 годзе. Тры з дзесяці заявак беларусаў ішлі ў амбасаду Італіі. Адмовы ў візе атрымалі менш як 2 % беларусаў.

Польская віза. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле Еўракамісіі, грамадзяне Беларусі ў 2022 годзе падалі 120 893 заяўкі на шэнгенскія візы, а атрымалі 118 523 візы, з якіх 99 525 візаў былі шматразовыя. Адмову атрымалі на 2292 заяўкі – 1,9 % ад пададзеных.

Найбольш заявак падалі і найбольш візаў атрымалі ў амбасадах Італіі ды Нямеччыны, найменш – у амбасадзе Чэхіі. А найменш адмаўляла Літва. Статыстыка выдачы шэнгенскіх візаў наступная.

  • Вугоршчына: 13 486 заявак пададзеныя, 13 264 заяўкі ўхваленыя і выдадзеныя візы, з іх 11 076 візаў шматразовыя, агулам не ўхвалілі 1,5 % заявак.
  • Італія:  36 416 заявак / 36 127 выдалі / 28 104 шматразовыя / 0,8 % адмоваў.
  • Латвія: 4435 заявак / 4129 выдалі / 3837 шматразовыя / 6,7 % адмоваў.
  • Літва: 6061 заявак / 6106 выдалі / 5882 шматразовыя / 0,2 % адмоваў.
  • Нямеччына: 27 319 заявак / 26 667 выдалі / 23 240 шматразовыя / 2,3 % адмоваў.
  • Польшча: 17 793 заявак / 17 277 выдалі / 15 625 шматразовыя / 3,3 % адмоваў (найбольш зваротаў і выдадзеных візаў было ў гарадзенскім консульстве – удвая больш, як у берасцейскім консульстве ці менскай амбасадзе).
  • Славаччына: 2207 заявак / 2175 выдалі / 1032 шматразовыя / 1,4 % адмоваў.
  • Францыя: 8975 заявак / 8818 выдалі / 7 396 шматразовыя / 0,6 % адмоваў.
  • Чэхія: 1034 заявак / 1028 выдалі / 696 шматразовыя / 0,6 % адмоваў.
  • Эстонія: 3185 заявак / 2932 выдалі / 2637 шматразовыя / 5,4  % адмоваў.

Варта ўлічваць, што цяпер Латвія выдае візы беларусам хіба ў выключных выпадках. Літва выдае візы толькі грамадзянам Беларусі, якія маюць сямейнікаў з грамадзянствам краіны Еўразвязу або якія маюць права на аднаўленне літоўскага грамадзянства. Польшча выдае шэнгенскія візы толькі з гуманітарных прычынаў (трэба падаць максімум сведчанняў парушэння сваіх правоў у Беларусі, рэпрэсіяў), але выдае беларусам таксама нацыянальныя візы для працы ці бізнесу, з гуманітарных меркаванняў і ўладальнікам карты паляка. У шэрагу амбасадаў давядзецца доўга чакаць у чарзе.

Разбор
Як беларусу атрымаць візу ў краіну Еўразвязу? Спыталі візавых пасярэднікаў пра тры сцэнары
2023.02.13 07:04

Таксама беларусы атрымалі 34 кароткатэрміновыя нацыянальныя візы краінаў шэнгенскага пагаднення: 13 – у Літву, па 6 – у Эстонію і Латвію, 5 – у Італію, 3 – у Нямеччыну, 1 – у Францыю. А адхіленых заявак на такія візы было аж 2292 – найбольш у Нямеччыну. Акрамя таго, ад Францыі былі тры адмовы ў заяўках на транзітныя візы.

Агулам па свеце атрымалі 7,6 млн заявак на шэнгенскія візы і выдалі 5,9 млн візаў. Беларусь далёка не першая паводле агульнай колькасці атрыманых шэнгенскіх візаў: у Турэччыне выдалі амаль 646 тысяч «шэнгенаў», у Расеі – амаль 604 тысячы. Беларусь толькі на 15-м месцы ў свеце паводле гэтага паказніку, але яе абганяюць у асноўным краіны са значна большым насельніцтвам: на душу насельніцтва больш «шэнгенаў» выдаюць хіба ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Кувейце. Акрамя таго, у Беларусі выдалі больш «шэнгенаў», чымся ў Злучаных Штатах Амерыкі або Кітаі.

Беларусь – адна з краінаў, у якой рэдка адмаўляюць у выдачы шэнгенскіх візаў. Менш адмаўлялі ў амбасадах і консульствах Сан-Марына, Люксембургу, Ірландыі, Гватэмалы, Ліберыі, Аўстрыі, Андоры і Даніі, зусім не адмаўлялі ў амбасадах і консульствах Паўднёвага Судану (звароты былі ўсяго чатыры, тром далі нацыянальныя візы і аднаму – шэнгенскую), Нарвегіі, Нікарагуа, Мальты, Латвіі (два звароты), Ісландыі, Эстоніі (адзін зварот), Эль-Сальвадору і Чэхіі (тры звароты). У Расеі – 10,2 % адмоваў.

Разбор
Куды беларусы могуць надоўга з’ехаць без візы? Казахстан змяніў правілы бязвізавага ўезду
2023.01.20 19:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў