Лукашэнка ў Астраўцы: «Хай бы была другая АЭС. Я прыхільнік гэтага»


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што канчатковае адкрыццё БелАЭС – гэта падарунак народу да гэтак званага Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Прызнаўся таксама, што ён прыхільнік будоўлі яшчэ адной АЭС у Беларусі. Пра гэта ён казаў падчас працоўнай паездкі ў Астравецкі раён Гарадзенскай вобласці, прымеркаванай да прыёму ў эксплуатацыю другога блоку БелАЭС, паведамляе ягоная прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка наведаў БелАЭС у Астравецкім раёне.
Фота: belta.by

«Запускаючы першы энергаблок нашай АЭС тры гады таму, я казаў, што настаў гістарычны дзень: пачалася эра мірнага атаму. І сапраўды, атрымаўшы ў няпростым 2020-м гэты выдатны аб’ект, падарунак да 7 лістапада, я думаю, мы зрабілі правільна, стварыўшы гэты цуд», – заявіў у Астраўцы Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць будоўлі другой АЭС у Беларусі, самапрызначаны кіраўнік дзяржавы адказаў, што пакуль «закідвае ў грамадства гэты тэзіс» на ўзроўні дыскусіі:

«Калі будзем будаваць, я вам паведамлю. І параюся, перад тым як прыняць рашэнне. Без людзей нічога рабіць не будзем».

Працягваючы тэму другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі, дадаў:

«Сённяшняга запасу электрычнасці не толькі на мой век, але і на вашых дзяцей хопіць. Але хто яго ведае, як свет будзе развівацца. Хай бы была другая станцыя. Я прыхільнік гэтага. Таму мы абмяркоўваем гэтае пытанне».

Лукашэнка нагадаў, што будаўніцтва БелАЭС вялося за кошт крэдытных рэсурсаў, вылучаных расейскім бокам, пры гэтым, як сцвердзіў, значная частка сродкаў засталася ў выніку не выкарыстанаю:

«За заашчаджаныя грошы мы, у прынцыпе, два блокі можам пабудаваць».

3 лістапада віцэ-прэмʼер і старшыня прыёмнай камісіі БелАЭС Пётр Пархомчык паведаміў Лукашэнку, што ўсе чальцы камісіі падпісалі акт прыёму другога блоку АЭС у прамысловую эксплуатацыю.

«І Літва – мы адновім стасункі, і Польшча – нікуды не падзенуцца»

Падчас сустрэчы з жыхарамі Астраўца нелегітымны прэзідэнт, адказваючы на адно з пытанняў, закрануў таксама праблему стасункаў з суседнімі краінамі – Польшчай і Літвой. Ён Выказаў упэўненасць, што дачыненні палепшацца:

«Я ў гэтым абсалютна не сумняваюся. І Літва – мы адновім стасункі, і Польшча – яны нікуды не падзенуцца. Асноўны прынцып – суседзі не могуць жыць дрэнна.

Я заўсёды кажу: суседзі ад Бога, іх не выбіраюць. Бываюць рознагалоссі, сваркі і гэтак далей – гэта час мінулы. Прыйдуць часы, калі мы будзем жыць з імі так, як гэта было заўсёды, і ў савецкі час…»

Будаваць БелАЭС пачалі ў 2011 годзе. Станцыю пабудавалі паводле расейскага праекту «АЭС-2006». Сумарная магутнасць БелАЭС складае 2400 МВт. Першы блок падлучылі да агульнай энергасістэмы 3 лістапада 2020 года, другі – у траўні 2023-га (акт прыёму падпісалі 1 лістапада). Праз недаробкі, збоі і няспраўнасці першы блок АЭС неаднойчы выключалі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, два энергаблокі БелАЭС змогуць забяспечыць больш як 40 % патрэбаў краіны ў электраэнергіі.

ПраСвет
БелАЭС-2. Шалёная ідэя Лукашэнкі ці рэальны план? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2023.11.03 14:36

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў